За тры дні беларускамоўны кліп на песню Space Oddity паглядзела чвэрць мільёна



Кавер на вядомую песню Дэвіда Боўі Space Oddity, які быў запісаны да перакладзенай на беларускую мову стужкі „Таемнае жыццё Ўолтэра Міці”, ва ўсіх сацыяльных сетках за тры дні набраў 250 тыс. праглядаў.

На YouTube кліп паглядзелі больш за 50 тыс. чалавек і пакінулі больш за 400 каментароў. Кліп быў запісаны сумесна з кампаніяй velcom спецыяльна да беларускамоўнай прэм’еры „Таемнага жыцця Ўолтэра Міці” праекта „Беларускія ўікэнды”.

Выканаўцы – відэаблогерка Лера Яскевіч і ўдзельнік гурта ЛСП Пётр Клюеў. Песню пераклаў беларускі паэт Андрэй Хадановіч.

Прэм’ера фільма сабрала поўную залу ў менскім кінатэатры „Масква”. Перад паказам са сцэны ўжывую прагучала песня Space Oddity ў выкананні Леры Яскевіч. Стужка будзе ісці ў праграме праекта „Беларускія ўікэнды” па 1 траўня.

belta.by