За званне „Кнігі году” змагаюцца 72 выданні



На сайце прэміі “Кніга году” апублікаваны спіс з 72 выданняў, якія сябры журы згадалі ў ліку найлепшых за 2018 год. Сёлета ў склад вялікага журы ўвайшлі 103 літаратаркі і літаратары.

У спіс трапілі кнігі і супрацоўнікаў нашага радыё: Міхала Андрасюка „Поўня” (раман) і Алеся Аркуша „Спадчына” (раман) і „Возера Вялікае” (вершы), а таксама паэтычны зборнік вядомай паэткі з Бельска Падляшскага Надзеі Артымовіч „Краявід з невідочнай памылкай”.

Вынікі прэміі, а таксама інфармацыя пра галасаванне кожнага сябра журы, будуць апублікаваныя 28 траўня на сайце kniha.by. Пераможца атрымае 1000 еўра па курсе Нацбанка. 

Прэмія прысуджаецца адной найлепшай кнізе, выдадзенай у папярэднім годзе ў жанрах мастацкая проза, паэзія, эсэістыка, нон-фікшн. У склад журы мог увайсці любы беларускі пісьменнік і перакладчык. 

Прэмія “Кніга году” была заснавана Беларускім ПЭН-цэнтрам у 2015 годзе. Папярэднія пераможцы: 

за 2017 год — “Сабакі Эўропы” Альгерда Бахарэвіча, 

за 2016-ы — „Маё невымаўля” Насты Кудасавай, 

за 2015-ы — “Нататкі таткі” Андрэя Хадановіча,

за 2014 год прэмія ўручалася ў трох намінацыях — “Дзеці Аліндаркі” Альгерда Бахарэвіча („Проза”) , “Верхні горад” Антона Рудака („Паэзія”), “Сумны суп” Вольгі Гапеевай “Сумны суп” і “Авантуры студыёзуса Вырвіча” Людмілы Рублеўскай (“Дзіцячая літаратура”).