Забаранілі „Гутаркі старога дзеда”



Прызналі верш 1861 году экстрэмісцкім. Што ж, Беласток можа ганарыцца, бо менавіта ў гэтым горадзе ў падпольнай друкарні разам і іншымі агітацыйнымі матэрыяламі будучыя паўстанцы 1863 году надрукавалі „Гутаркі”.

Цяпер у беларускім сегменце інтэрнэту шмат сарказму з ініцыятывы менскай пракуратуры.

„Гутаркі старога дзеда” хутчэй за ўсё забаранілі праз слова „маскаль”. 

„Маскаль, кажуць, мае волю,

Палягчыць нам нашу долю,

Ой! Не верце таму, людзі,

Нічога з таго не будзе.

Калі б хацеў так зрабіць,

Даўно б то мусела быць”.

Цяпер мала хто ведае, што ў ХІХ стагоддзі слова „маскаль” было не абразай паводле этнічнай прыналежнасці, а сацыяльнай пазнакай – чалавек у пагонах Расейскай імперыі.

Рыхтуючыся да паўстання, шляхта былой Рэчы Паспалітай спрабуе пераманіць на свой бок сялянаў. Найперш нагадваючы пра зло, якое нясе простым людзям расейскае войска.

«Як пачалі ваяваці,

Магазыны сталі браці:

У абоз вязьці ўсё збожжа,

А народ – хоць гінь, нябожа.

І аддаўшы ўсё із хаты,

Сталі браці ў салдаты,

Кідай жонку, дзеткі ў дому,

Едзь у калодцы да прыёму».

Паўстанне рыхтавалася супраць імперыі на карысць аднаўлення Рэчы Паспалітай, якую польскія нацыяналісты ўжо з канца XVIII стагоддзя называлі „Польшчай”. Хоць Рэч Паспалітая складалася з дзвюх дзяржаваў – Польшчы і ВКЛ.

Але ў савецкія часы вельмі моцна падтрымлівалася частка агульнага працэсу – паўстанне Кастуся Каліноўскага.

Польская Народная рэспубліка лічылася „брацкай сацыялістычнай”, а вось антыцарскі кампанент падзеяў пачатку 1860-х быў вельмі важным для савецкай ідэалогіі.

Каліноўскі выдаваў пракламацыі па беларуску, пра польскасць публічна не выказваўся, прынамсі, актыўна.

Затое мы памятаем ягоныя словы з „Ліста з-пад шыбеніцы”:

„…Я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжо ня будзе”.

Ад 2020 году лукашэнкаўская ідэалогія рэзка змяняе кірунак. Перад тым ішла млявая імітацыя БССР. Цяпер жа ідзе падладка пад сучасную Расею, дзе камуністы ходзяць у царкву, а дзвюхгаловы арол суседнічае з чырвонай зоркай. І дзе ўлада мэтанакіравана знішчае ўсё самабытнае нацыянальнае, закатваючы жывое ў асфальт расейскай казёншчыны.

„Гутарка старога дзеда” калісьці была часткай школьнай праграмы. А на вобразе Кастуся Каліноўскага дзесяцігоддзямі гадаваліся пакаленні беларусаў.

Барацьба з гісторыяй праз пракуратуру выглядае трагікамічна.

Севярын Квятокоўскі, Беларускае Радыё Рацыя