Забаронена бібліятэка «Камунікат»



Рэжым Лукашэнкі паслядоўна працягвае палітыку этнацыду беларусаў. Генацыд – гэта калі забіваюць фізічна, а этнацыд – знішчаюць цывілізацыйна.

Вось мы і дазналіся, што ў спісах забароненых для ўжывання з тэрыторыі Беларусі рэсурсаў цяпер і Kamunikat.org.

Праекту пад кіраўніцтвам Яраслава Іванюка ўжо 22 гады. Уяўляеце, колькі сабрана матарарыялаў беларускай літаратуры за такі час? Сотні і сотні, і адабранае лепшае.

Яраслаў Іванюк – адзін з дзеячаў беларусаў Падляшша з цэнтрам у Беластоку. Газета «Ніва», «Беларускае Радыё Рацыя», колішні музычны фестываль «Басовішча», а цяпер «Тутака», фестываль «Бардаўская восень», фестываль хрысціянскіх спеваў, дзіцячы музычны фестываль, культурныя праекты новай хвалі беларускай эміграцыі, найперш гарадзенскай прысутнасці ў Беластоку, і «Камунікат» – усё разам гэта суплёт беларускай культуры ва ўсходняй частцы Польшчы.

Лукашысты спрабуюць адрэзаць беларускую этнічную аўтэнтыку ў Польшчы ад беларусаў у Беларусі.

Не было б інтэрнэту, усё бы атрымалася. Як атрымлівалася ў сістэмных беларусафобаў, пачынаючы мінімум ад паўстання Кастуся Каліноўскага.

Прыблізна ад 1864 году пачалося сістэмнае знішчэнне якой-кольвек нацыянальнай самасвядомасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі. На той момант ліцвінскай і польскай, крыху пазней – беларускай.

Этнацыд супраць украінцаў рукамі калабарантаў не атрымаўся, таму пайшлі вайной. У Беларусі даюць рады з дапамогай мясцовага гаўляйтара Лукашэнкі і ягоных паліцаяў-губазікаў ды вертыкальшчыкаў.

Таму інфармацыйныя і культурныя праекты за мяжой, найперш у Польшчы, сёння маюць выключную значнасць для падтрымкі і развіцця беларускай Нацыянальнай Ідэі.

У Падляшша асаблівая пазіцыя, бо гэта зямля гістарычна транскультурная, тут беларусы не «дыяспара», а мясцовыя жыхары.

А тыя, хто вымушана перамясціўся, найперш з Гарадзеншчыны і Берасцейшчны, яны ўсё роўна застаюцца ў сваім гістарычным рэгіёне.

На фоне злачынстваў, якія рэжым Лукашэнкі нарабіў супраць беларусаў толькі за апошнія тры гады, забарона «Камунікату» – гэта адно са звёнаў вялікага ланцугу.

Уяўляю сабе малаадукаваных служак з КГБ, якія скануюць інтэрнет, і знаходзяць усё новыя і новыя культурныя і інфармацыйныя праекты, які трэба забараніць. А праекты ўсё не сканчаюцца.

А суайчыннікам у Беларусі хачу нагадаць абрэвіятуру VPN.

Усё будзе «пахне чабор», сябры!

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя