Забытая жаночая турма НКВД



“Там, у нізіне, пахаваныя няшчасныя дзеткі, якія паміралі масава ў калоніі НКВД”. Да 1954 года ў Хальчы існавала выпраўленча-працоўная калонія для жанчын і іх дзяцей “ворагаў народу”. Аднак памяць пра тую турму практычна не захавалася.

Мястэчка Хальч знаходзіцца ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці. На крутым правым беразе ракі Сож захавалася панская сядзіба, як яе называюць халецкія. Халецкія – гэта не нашчадкі старадаўняй мясцовай шляхты, якая атрымала зямлю ў Пасожжы ад князя Свідрыгайлы і мела ў сваяках Радзівілаў. Цяперашнія халецкія – гэта саманазва жыхароў мястэчка Хальч. Непадалёку ад палаца ў стылі класіцызм, што цудам ператрываў усе катаклізмы ХХ стагоддзя, цяпер стаіць крамка, якая так і называецца “Халецкі”. Падчас апошняй вайны ўся Хальч была сцёртая з твару зямлі савецкай і нямецкай артылерыяй у канцы 1943 года, а палац, які знаходзіцца на самым бачным месцы, захаваўся — нават снарады, якія ў яго трапілі, не разарваліся.

Так выглядала сядзіба Халецкіх у ХІХ ст. (Напалеон Орда, 1877 г.)

Заходзім у гандлёвую кропку “Халецкі”, за прылаўкам якой жанчына досыць сталага веку. Гандлярка не надта спяшаецца рэагаваць на з’яўленне патэнцыйных кліентаў, нетаропка раскладаючы на вітрыне бабруйскі шакаладны зефір. На тэме зефіра мы адразу паразумеліся, бо ён, вядома, смачнейшы, чым у нашых усходніх суседзяў, што праўда, наракае гандлярка, халецкія пакупнікі не часта набываюць гэты пачастунак па прычыне татальнай галечы. Старыя вяскоўцы ашчаджаюць кожную капейчыну, калі набываюць прадукты. Ім не да выкшталцоных слодычаў. Наладзіўшы кантакт, пытаю наўпрост: “Скажыце, а праўда, што ў панскай сядзібе да і пасля вайны была жаночая турма НКВД?” Гандлярка не паспявае адказаць на пытанне, як за спінай раздаецца раздражнёны голас іншай пакупнічкі, якую мы не заўважылі, абмяркоўваючы якасці зефіру. “Не было тут ніякай турмы НКВД, не вярзіце лухту”, — ледзьве не выкрыквае кабета гадоў 70-75. Зацікавіўшыся новым персанажам, пераключаюся на яе. “Няўжо Ларыса Геніюш хлусіла, калі пісала ва ўспамінах пра турму для мамак і дзяцей?”, — не здаюся я. “Калонія для мамак сапраўды была, але не было тут ніякага НКВД”, — упарта працягвае візаві. На гэтым нашая гістарычная дыскусія завяршаецца.

У цяперашні час гістарычны помнік перажывае не лепшыя часіны

Турэмнае мінулае палаца

Патрапіць на тэрыторыю палацава-паркавай зоны ў Хальчы досыць проста. Дастаткова толькі адчыніць засоўку брамкі і ўвайсці на пусты двор, які не пакутуе ад вялікага наплыву турыстаў. Вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў гэтая сядзіба належыць гомельскім музейшчыкам, але з кожным днём помнік архітэктуры разбураецца ўсё больш і больш. Прычына банальная: на рэканструкцыю няма грошай. 

З левага боку ад параднага фасаду, на таннай агароджы з металапрофілю, прымацаваны выцвілы ад часу банер з кароткай гістарычнай даведкай і выглядам будучага адноўленага палаца. У гэтай даведцы сярод розных важных дат, звязаных з гісторыяй сядзібы родаў Халецкіх і Войніч-Сенажэцкіх, ёсць адна, дзеля якой мы ўласна і прыехалі ў гэтае месца.

“Па дадзеных архіваў і паводле ўспамінаў жыхароў на тэрыторыі гэтага сядзібна-паркавага комплекса ў 1930-я гады (магчыма і раней) дзейнічала працоўная калонія НКВД”, — такі лаканічны надпіс, хоць і без канкрэтыкі, сапраўды пацвярджае ўспаміны Ларысы Геніюш.

Калі мы чыталі гэтае паведамленне, пашкадавалі, што з намі да будынка не падышла тая крытычна настроеная кабета з крамы “Халецкі”. Але сустрэча з жыхаркай Хальч, якая не верыць у існаванне тут турмы НКВД, і наўпроставы надпіс на банеры, — з’ява сімптаматычная і характэрная. Грамадства не надта цікавіцца сталінскімі рэпрэсіямі, хоць сляды той эпохі ў цэнтры Хальчы практычна на кожным кроку.

Турма НКВД са здзеклівай назвай “Воля”

Першы раз пра калонію НКВД у Хальчы са здзеклівай назвай “Воля” я дазнаўся, чытаючы кнігу ўспамінаў беларускай паэтэсы Ларысы Геніюш. У ейнай аўтабіяграфіі “Споведзь” апавядаецца пра месца зняволення, куды змяшчалі жонак “ворагаў народу” і іх дзяцей. “Ксяндза Юзэфскага й цяжарную жанчыну высадзілі ля Гомеля ў Хальчы (цытуецца даслоўна і з асаблівасцям арфаграфіі і пунктуацыі аўтаркі). Гэта быў лагер, як я пасьля даведалася, спэцыяльна для мамак, г.зн. цяжарных жанчын. Характэрны ён быў тым, што там умірала 90 (ДЗЕВЯЦЬДЗЕСЯТ!) працэнтаў народжаных дзетак зьняволеных жанчын. Там, як і ў іншых месцах, гдзе былі такія дзеткі, заўсёды нейкая сястра, супрацоўніца КГБ, давала ім часам па парашочку. Гэты парашок выклікаў усе сымптомы запаленьня лёгкіх, жаўцізну тварыку, і дзіця памірала. Гэта я чула часта…”, — згадвае дагэтуль не рэабілітаваная ў Беларусі Ларыса Геніюш.

Даследчык Уладзімір Васькоў у сваёй манаграфіі “Каталікі на абшарах Панізоўя і Сівершчыны” падае звесткі пра тое, што ў 1920-я гады ў Хальчы была створаная калонія, а ў 1930-я ў ваколіцах мястэчка адбываліся масавыя расстрэлы “ворагаў савецкай улады”.

На афіцыйным сайце Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама ў матэрыяле “Юстиция Гомельщины: как все начиналось. Неизвестные страницы (К 100-летию со дня образования)”, датаваным 19 красавіка 2019 года, паведамляецца: “Гомельским губернскім аддзелам юстыцыі ў пачатку 1921 года быў арганізаваны новы тып месцаў зняволення – сельскагаспадарчая і працоўная калонія «Воля» у саўгасе “Хальч” у 18 вёрстах ад Гомеля.”

Пра калонію НКВД ёсць асобныя згадкі ў мемуарах беларускіх палітвязняў. Напрыклад, у жыццяпісе пляменніцы заходнебеларускага дзеяча Яна Пачопкі, асуджанай на 10 гадоў паводле артыкулаў 63-1, 76 Крымінальнага Кодэксу БССР (сябра контррэвалюцыйнай арганізацыі і антысавецкая дзейнасць), сяброўкі Саюза Беларускіх Патрыётаў, Людмілы Краснадубскай зазначаецца, што ў 1947 годзе пасля арышту супрацоўнікамі МГБ яе нейкі час трымалі ў санчастцы менскай турмы. Пасля яе накіравалі ў лагерную турму “маці і дзіцяці” каля Хальчы. Знаходжанне ў месцах зняволення істотна падарвала здароўе кабеты, у выніку чаго яна праз некалькі гадоў апынулася ў “інвалідным лагеры” Абезь (за 90 км ад Варкуты). Тая ж Ларыса Геніюш згадвае пра наступствы для здароўя кабет ад лагернага жыцця: “Адна харошая расейская жанчына Шура (прозьвішча ня памятаю) (…) Калі радзіла яна, дык разрывы вялікія, якіх такая менавіта медсястра загадала не зашываць, бо быць жанчынай ці быць маці болей зьняволенай ня прыйдзецца… Шура высокая, прыгожая, маладая, заўсёды сумная, усё хварэла далей па-жаночаму.”

У розны час асноўную частку вязняў “Волі”, аднак, складалі не кабеты, а мужчыны. Сярод вядомых зняволеных – бацька “амерыканскага шпіёна” і прадстаўніка БНР Цімоха Вострыкава, які двойчы адбываў пакаранне ў Хальчы. Вядома таксама, што ў гэтай калоніі ў 1936 годзе знаходзіўся протаіерэй Уладзімір Пастэрнацкі, які пазней быў расстраляны за контррэвалюцыйную агітацыю і пахаваны ў невядомай магіле.

Зрэшты, катэгорыі даваенных вязняў залежылі ад хваляў рэпрэсій і характару аперацый НКВД у СССР. Спачатку туды змяшчалі “кулакоў” і святароў, потым, у разгар сфабрыкаванай справы “Польскай арганізацыі вайсковай” у 1937-1938 гг, у выпраўленчую калонію No1 сталі змяшчаць “польскіх шпіёнаў” з сем’ямі. Па вайне, калі Хальч была ў руінах, савецкая ўлада першай справай аднавіла на папялішчы турму, якая папоўнілася арыштантамі з ліку беларускіх нацыяналістаў, калабарацыяністаў і “растратнікаў”.

Успаміны Емяльяна Бабкова

Паблукаўшы вакол замкнёнай сядзібы, палюбаваўшыся неверагоднымі восеньскімі краявідамі, якія адкрываюцца з высокай тэрасы на раку Сож і паплавы, мы вырашылі ўсё-такі знайсці сведак тых падзей. Балазе ў Хальч мы ехалі па наводцы знаёмых, якія раілі звярнуцца да вядомага ў наваколлі калекцыянера рарытэтных гармонікаў і старажыла Емяльяна Аўрамавіча Бабкова. Гаспадар — 84-гадовы бадзёры дзед — сустрэў нас каля вясёлай распісанай яркімі фарбамі брамы, запрасіў нас у светлы і чысты дом.

Емяльян Аўрамавіч Бабкоў, 84 гады

“Я – карэнны жыхар, тут нарадзіўся і вырас. І бацькі мае адсюль. Я памятаю калонію да і пасля вайны. Там было пяць баракаў, узвод аховы. Я гэта вельмі добра памятаю. А чаго памятаю? Таму што мой бацька расціў “мальтан” (гэта такі тытунь). Дык я яшчэ быў пацаном, калі прыходзілі з той калоніі расканваіраваныя, якія мяхамі ў нас бралі той “мальтан”. Пацаноў туды, за калючку, не пускалі. Граў пастаянна там баян, гармонік, такія сумныя мелодыі гучалі. Вечарам, ужо перад адбоем, спяваюць журботныя песні зняволеныя жанчыны”, — згадвае Емяльян Бабкоў.

Паводле старажыла, сярод вязняў пэўную частку складалі так званыя “растратнікі”: “Быў унас такі Воінаў, які пераклічку рабіў вечарам. Там былі і тыя, хто “заслужылі” турму, былі і невінаватыя. Прыгадваю пасля вайны аднаго старога Хаму, які ў свой час быў старшынёмкалгасу. Ён часта дазваляў халецкім браць для сваіх патрэбаў калгасных коней. Дык аднойчы яго і знялі з пасады. Дык Хама той пачаў самагонку гнаць, за што яму далі 3 гадыкалоніі. Адсядзеў ён у “Волі”. Памятаю, распавядалі, як уцякалі вязні, пераплывалі Сож. Дык іх потым лавілі з сабакамі…”

Калі мы запыталі ў старога, ці былі сярод зняволеных кабеты, той пацвердзіў: “Тут жаночы барак быў пабудаваны. На работу шыхтом вадзілі кабет, а потым прыганялі, каб яны сваіх дзетак пакармілі. Ой, паміралі часта тыя дзеткі… Дык вунь там на вясковых могілках у нас ліпы ў шэраг растуць. Хавалі тых малых так: маленькі крыжык у магілку і ўкапваюць ліпку. А цяпер тыя ліпы павырасталі здаровыя! На тых магілах павырасталі…”

Пажылы Емяльян Бабкоў раптам расчуліўся, ягоныя вочы напоўніліся слязьмі: “Дзяцей хавалі на могілках. А дарослых інакш. У наглядчыкаў калоніі быў белы конь, у возе, накрытым прасцінай, вывозілі целы нябожчыкаў у бок рова. Там кідалі ў акопы. Дагэтуль ляжаць там тыя целы. На кані падвязлі – скідаюць ды і ўсё. Амаль кожны дзень на белым кані вывозілі трупы. Быў такі Яшка Чарноў, які жыў у апошнім доме, дык ён бачыў, як кожны дзень вывозілі…”

Пасля перакрочвання савецкай мяжы вермахтам у чэрвені 1941 года, паводле сакрэтнага загаду народнага камісара дзяржбяспекі Усевалада Мяркулава, вязняў турмаў НКВД у заходніх рэгіёнах СССР мусілі эвакуяваць, а пры немагчымасці ці “немэтазгоднасці” – расстраляць. Мы спыталі ў Емяльяна Бабкова пра лёс халецкіх арыштантаў напярэдадні акупацыі, на што атрымалі адказ: “Мой дзядзька варыў сабакам ежу ў тым лагеры. У 1941 годзе, як ён казаў, вязняў вывезлі на Поўнач. Нічога пра расстрэлы не ведаю. Пасля вызвалення адразу збудавалі баракі і зноў пачалі зганяць новых зняволеных. У вёсцы Радуга была піларама, адтуль цягалі лес, з якога пабудавалі лагер наноў. Вязняў з усяго СССР прывозілі. Калонію ліквідавалі ў 1953 годзе. Тут прыходзілі па Сажу баржы, паўсюль быў калючы дрот, туды людзей тых зганялі. А ў 1954 годзе ўжо калоніі не было.”

Крыж на сметніку

Калі мы выпраўляліся ў Хальч, то дазналіся, што некалькі гадоў таму высілкамі грамадскіх актывістаў на месцы масавых пахаванняў “ворагаў народу” быў усталяваны высокі драўляны крыж. Хоць дакладную лакацыю знака мы не ведалі, але ў гэтай сітуацыі нас выручыла інтуіцыя. Азіраючыся навокал, стоячы на сядзібным пляцы, мы ўбачылі непадалёку характэрную лесапаласу, перарэзаную ярамі, што вядуць да ракі Сож. Пад’ехаўшы на аўто да лесапаласы па вузенькай грунтоўцы, абапал якой растуць ліпы, мы сапраўды трапілі рыхтык да крыжа. Мясцовыя жыхары называюць гэтую мясцовасць спрадвеку Зібень, што азначае балоцістую глебу.

Ініцыятарам усталявання крыжа ў Зібені ў 2016 годзе быў журналіст-фрылансер Канстанцін Жукоўскі: “Даведаўся я пра злачынствы камуністаў у Хальчы вельмі проста. Вяртаючыся па працы са Светлагорска, я падабраў двух чалавек, якія распавялі мне аб пахаваннях часоў сталінскіх часоў на Гомельшчыне. Потым была экспедыцыя па навакольных вёсках, дзе людзі дзяліліся інфармацыяй пра месцы масавых пахаванняў, у тым ліку ў Хальчы. Крыжы мы паставілі, бо крыжы – хрысціянскі сімвал, які сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю. Мясцовыя ўлады не рэагавалі ніяк, але і не перашкаджалі, што з’яўляецца вялікім плюсам у нашых умовах.”

Крыж ахвярам сталінізму стаіць на самай мяжы ўзаранага поля

Яры ў Зыбені

Ля хальчанскага крыжа гаспадарлівыя калгаснікі ўзаралі поле, на якім да нядаўняга часу расла галоўная беларуская сяльгаскультура кукуруза. У самым лесе мы ўбачылі многа круглых ямінаў дыяметрам у 1,5 метра, яры і траншэі. Паходжанне гэтых заглыбленняў у зямлі хутчэй за ўсё звязанае з крывавымі баямі кастрычніка-лістапада 1943 года, калі немцы арганізавалі на высокім беразе Сажа моцную абарону, якая была знішчаная савецкай артылерыяй. Але, у любым разе, гэтая мясцовасць да вайны тэарэтычна магла выкарыстоўвацца НКВД як палігон для захавання парэштак вязняў лагеру.

Цярноўнік на месцы масавага пахавання

Падчас таго, як мы займаліся фотафіксацыяй аб’екта, на лясной сцяжыне з’явілася маладая жанчына, якая няўхвальна сачыла за нашымі дзеяннямі. “Знайшлі месца для фотасесіі”, — з асуджэннем прамовіла маладзіца. На нашае пытанне, ці можа яна распавесці штосьці пра крыж, кабета заўважыла, што яна ведае мала, але яе бацька зможа падзяліцца з намі цікавымі звесткамі. “Мяне завуць Ірына, а мой тата – мясцовы краязнаўца і былы настаўнік гісторыі Міхаіл Космыкаў, ён ведае ў гэтым наваколлі ўсё”, –заўважыла нашая новая знаёмая.

Незвычайная сустрэча ў будні дзень на ўскрайку Хальчы з дачкой краязнаўцы, які займаўся па сваёй ініцыятыве вывучэннем гісторыі сталінскай турмы, успрынялася намі як добры знак.

Міхаіл Космыкаў – мужчына 65 гадоў – чакаў нас ля сваёй хаты. У руках ён трымаў тэчку з кампакт-дыскамі, выразкамі газет пачатку 2000-х гадоў і самвыдатаўскімі даведнікамі па гісторыі Хальчы. “У апошнія гады я моцна хварэю на анкалогію і некалькі іншых цяжкіх захворванняў. Калі працаваў у школе, у мяне не было часу засяроджвацца на вывучэнні гісторыі турмы НКВД, усё думаў, што па выхадзе на пенсію займуся. Але праз праблемы са здароўем, відаць, давядзецца на свае планы забыцца”, — так пачалі мы размову з былым настаўнікам Міхаілам Космыкавым. Разам з мужчынам мы на машыне вырашылі праехаць па тэрыторыі былой калоніі “Воля”, а таксама паглядзець месцы масавых пахаванняў вязняў.

Краязнаўца Міхаіл Космыкаў

“Я – гісторык паводле адукацыі, таму буду апераваць выключна фактамі. Без усялякіх домыслаў. Хоць у мяне няма архіўных звестак, але я вам распавяду дакладную інфармацыю. Адкуль я яе бяру? Усё проста. Нарадзіўшыся ў 1954 годзе, я яшчэ заспеў тэрыторыю турмы, баракі, гаспадарчыя пабудовы, шыкоўны сад… Акрамя гэтага, мой бацька працаваў наглядчыкам у калоніі. Таму, можна сказаць, ведаю гісторыю з першых вуснаў. Адразу скажу, што заявы пра крымінальнікаў, якія нібыта ў асноўнай масе складалі кантынгент калоніі, не адпавядаюць праўдзе. Практычна ўсе вязні былі палітычнымі”, — агаломшыў нас новы знаёмец.

Міхаіл Космыкаў распавёў нам, што ягоны бацька часта з павагай гаварыў пра вязняў, большасць з якіх былі элітай савецкага грамадства – аграномамі, інжынерамі і рознымі тэхнічнымі спецыялістамі. Патэнцыял гэтых людзей выкарыстоўвалі дзеля забеспячэння харчовай бяспекі, як гэта часта кажуць цяперашнія чыноўнікі. На хальчанскіх землях адукаваныя сядзельцы заклалі сады з ураджайнымі гатункамі яблык, вырошчвалі клубніцыі нават рэдкі для тых часоў вінаград. Уся прадукцыя пастаўлялася ў Гомель, яе рэшткі заставаліся вязням. Кабеты сапраўды складалі вялікую частку. Адміністрацыю турмаў не засмучала тое, што ў большасці жанчын былі грудныя дзеці, якія патрабавалі пастаяннага догляду. Дзяцей трымалі ў памяшканнях панскай сядзібы асобна ад бацькоў, а іхных мацярок дапускалі да іх толькі па раскладзе, калі іх трэба было карміць.

Мы спыніліся на аўтамабілі на ўзбочыне дарогі, якая вяла да цэнтральнага ўезду на тэрыторыю панскай сядзібы.

На месцы КПП турмы НКВД пабудаваныя прыватныя дамы

“Вось тут быў кантрольна-прапускны пункт са шлагбаумам. Я яшчэ памятаю, як на гэтым месцы стаялі два драўляныя баракі. У 1960-я іх разабралі, а тэрыторыю потым забудавалі прыватнымі дамамі”, — абазначае тэрыторыю былой калоніі “Воля” Міхаіл Космыкаў.

Ля крыжа, усталяванага гомельскімі грамадскімі актывістамі, Міхаіл Космыкаў заўважыў, што асноўная частка загінулых пахаваная трошкі ў іншым месцы. У метрах 50 справа ад крыжа – там, дзе яшчэ з даваенных часоў нехта рассадзіў кусты непралазнага і калючага цярноўніку. “Нібыта сляды злачынства спрабавалі прыхаваць. Там немагчыма і цяпер, каб не разарваць адзенне, хадзіць. Дзе расце цярноўнік, там і трэба арганізоўваць пошукі. Аднак вельмі добра, што той крыж з’явіўся. Зрэшты, за ім таксама могуць быць пахаванні, паколькі паласа цярноўніка раней і там была засаджаная”, — гаворыць Міхаіл Космыкаў.

Да месца імавернага масавага пахавання не дабрацца праз непралазныя кусты цярноўніка

Што не зрабілі савецкія ўлады ў паваенны час для знішчэння памяці пра ахвяраў сталінізму, то дарабіў Чарнобыль. “Пасля 1986 года забруджаны радыенуклідамі Хальч мусілі высяляць. А тэрыторыю каля масавага пахавання ахвяр сталінізму сталі, нібыта спецыяльна, выкарыстоўваць пад палігон смецця. З усяго Веткаўскага раёна сюды навезлі бытавых адкідаў, рознага ламачча. І працягвалі засмечваць усю гэтую тэрыторыю да пачатку 1990-х. Я тады неаднаразова ўздымаў праблему на старонках мясцовай газеты, арганізоўваў пратэсты жыхароў, звяртаўся да ўладаў. У выніку сметнік быў закрыты. Не магу назваць тыя дзеянні іначай як сатанізмам”, — абураецца дасюль Міхаіл Космыкаў.

Пасля катастрофы на ЧАЭС месца, дзе маглі хаваць вязняў турмы НКВД, сталі выкарыстоўваць пад сметнік

Яшчэ пару гадоў таму назад на месцы ўзараных палеткаў рос сад, многія дрэвы якога былі пасаджаныя яшчэ вязнямі турмы НКВД. Але мясцовыя ўлады, нягледзячы на тое, што ўзрост садоў можа дасягаць і 100 гадоў, вырашылі павысякаць дрэвы па прычыне “нізкай прадуктыўнасці”. “За садам, як і за ўсім, трэба добра даглядаць: дрэвы падпілоўваць, лячыць, зямлю на мяжы араць. Калі гэта не рабіць, то, вядома, хутка ўсё прыйдзе ў запусценне”, — гаворыць Міхаіл Космыкаў. Са знішчэннем сада яшчэ на адзін аб’ект, звязаны з памяццю пра злачынствы НКВД, стала менш.

Ліпы на дзіцячых магілах

Апошнім пунктам нашае вандроўкі з краязнаўцам сталіся вясковыя могілкі. Сапраўды, як і казаў старажыл Емяльян Бабкоў, на зарослым дрэвамі вясковым некропалі выразна праглядаецца рад высокіх ліпаў, пасаджаных у паваенны час. “Заўважце, шчыльнасць магілаў вялікая, але ніхто з халецкіх, хоць мала хто ведае ўжо пра акалічнасці трагедыі, тутнікога не хавае. Людзі ведаюць, што каля ліпаў месца чапаць нельга. Там, у нізіне, пахаваныя няшчасныя дзеткі, якія паміралі масава ў калоніі НКВД”, — гаворыць Міхаіл Космыкаў. Наш суразмоўца, аднак, не схільны лічыць, што супрацоўнікі ўстановы адмыслова труцілі дзяцей “ворагаў народу” нейкім белым парашком, як гэта згадваецца ў кнізе Ларысы Геніюш. “Думаю, што дзеці паміралі ад адсутнасці добрага догляду, бо іх мацярок заганялі на працу. Таксама не хапала ежы і медыкаментаў. У тых умовах увогуле выжыць было цяжка, а безабаронным малым тым больш”, — падсумоўвае Міхаіл Космыкаў.

У 1993 годзе ў газеце “Сумежжа” палітзняволеная Людміла Краснадубская апісала сваё знаходжанне ў хальчанскай калоніі “Маці і дзіцяці”, з якога вынікае, што прычынай смерцідзяцей быў голад: “Нарэшце, 20 чэрвеня 1947 года закончыўся гэты фарс, які называецца судовым працэсам. Імем СССР выносяць прысуд. Мне — 10 гадоў пазбаўлення волі і ў дадатак 5 год паражэння ў правах. А ў мяне якраз пачаліся родавыя схваткі. У лазарэце менскай турмы і нарадзіўся мой сынок. Загарнулі ў анучы, усунулі ў рукі і хворую этапам у турэмную калонію “Матери и ребенка” ля станцыі Хальч Гомельскай вобласці. Я была ледзьве сама жывая, малако прапала, а дзіця цягнецца да пустых грудзей і ціхенька плача ад голаду. Сынок пражыў так 4 месяцы і 15 дзён і сканаў на маіх руках. Вось гэта і была самая страшная для мяне кара! Калі б я ведала, што так будзе, я яшчэ ў часе допытаў наклала б на сябе рукі ці кінулася б на канваіраў, каб застрэлілі з яшчэ ненароджаным дзіцем. А так я 135 начэй і дзён глядзела ў вочкі сыночка, які канаў ад голаду. I гэта было ў краіне “счастливого детства”. Так, мёртвым, сынок мой застаўся на Радзіме”.

Ліпы на месцы пахавання дзяцей-вязняў хальчанскай турмы НКВД

Колькасць хальчанскай вязняў калоніі “Воля” – дагэтуль таямніца пад сямю пячаткамі. Усе звесткі захоўваюцца ў засакрэчаным архіве КДБ, куды перасталі пускаць даследчыкаў ужо ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Нягледзячы на тое, што з моманту злачынстваў сталінізму прайшло больш за 70 гадоў, спецслужбы незалежнай Беларусі не спяшаюцца дзяліцца інфармацыяй з грамадствам, відаць, спадзеючыся на тое, што з часам цікавасць да тэмы будзе згасаць, а слядоў злачынстваў будзе з кожным годам усё менш.

Беларускае Радыё Рацыя, Мікола Бянько, Гомель-Хальч

Фота: Юлія Сівец