„Забыты” генерал БНР



28 кастрычніка 1879 г. у Віцебскай губерні нарадзіўся Алег Васількоўскі, генерал расейскай імператарскай арміі, генерал БНР, кіраўнік дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі ў краінах Балтыі і ў Фінляндыі, кіраўнік Петраградскай ваеннай акругі ў ліпені-жніўні 1917 г.

Алег Васількоўскі – камандуючы Петраградcкай ваеннай акругі, у сваім кабінеце. 1917 год

Нарадзіўся ў сям’і казацкага афіцэра. У 1901 годзе з адзнакай скончыў Мікалаеўскую кавалерыйскую вучэльню ў чыне харунжага, выпушчаны ў лейб-гвардыі Казачы полк. Удзельнік расейска-японскай вайны 1904—1905 у шэрагах 2-га Верхняўдзінскага палка Забайкальскага Казацкага Войска. На 1 студзеня 1909 сотнік лейб-гвардыі Казачага палка.

Узнагароджаны шэрагам узнагародаў, у тым ліку ордэнам Св. Георгія 4-ай ступені і «Залатой зброяй». У 1912 годзе ў гонар стагоддзя вызвалення Расеі ад напалеонаўскіх войскаў яму быў падараваны Найвышэйшы падарунак — залаты гадзіннік з імператарскім гербам. У 1913 годзе — у гонар 100-годдзя бітвы пад Лейпцыгам вялікі князь Мікалай Мікалаевіч падараваў яму залатую шаблю са сваёй манаграмай, нанесенай золатам на клінку.

З пачаткам Першай сусветнай вайны Васількоўскі падае рапарт пра яго перавод на фронт і атрымлівае прызначэнне ў 3-й Данскі казачы полк, а 19 жніўня 1914 года атрымлівае ў часовае камандаванне 19-й Данскі казачы полк.

На вайне праявіў сябе таленавітым і паспяховым военачальнікам, правёў шэраг удалых вайсковых аперацый, за якія быў узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра 3-й ступені з мячамі і бельгійскім ордэнам Святона Леапольда з мячамі; атрымаў званне палкоўніка, а потым – генерал-маёра; быў зацверджаны ў пасадзе камандзіра палка, а потым – брыгады.

Падчас Лютаўскай рэвалюцыі накіраваны ў Петраград, дзе арганізаваў Звяз георгіеўскіх кавалераў.

19 ліпеня 1917 года быў прызначаны на пасаду галоўнакамандуючага Петраградскай ваеннай акругі. Пасля здушэння «карнілаўскага мецяжу» атрымаў званне генерал-лейтэнанта і быў адпраўлены ў адстаўку. Затым браў удзел у фармаванні ударных частак Расейскага войска.

Браў удзел у антыбальшавіцкім паўстанні ў Яраслаўлі ў войсках генерала Карпава. Пасля разгрому паўстання Васількоўскі на працягу года хаваўся. Неаднаразова быў арыштаваны, але кожны раз яго адпускалі.

У 1919 годзе ўзначаліў дыпламатычную місію БНР у Прыбалтыцы і ўзначальваў яе да 1920, пасля чаго ў траўні 1920 прыбыў ў Хельсынкі як афіцыйны прадстаўнік БНР. Тут ён наладзіў сувязь з фінскім палкоўнікам з беларускімі каранямі Георгіем Эльфенгрэнам. 25 чэрвеня 1920 ён атрымлівае афіцыйныя паўнамоцтвы ваенна-дыпламатычнага прадстаўніка БНР пры ўрадзе Фінляндыі, а Георгі Эльфенгрэн — яго дарадцы. Алег Васількоўскі вёў перамовы з лідарамі Антанты пра прызнанне Беларускай Народнай Рэспублікі.

Шыльда місіі (Фота wikipedia.org)

Пасля Фінляндыі Васількоўскі зноў накіроўваецца ў Эстонію, дзе 30 кастрычніка 1920 года становіцца надзвычайным амбасадарам БНР. У гэты час у Эстонію накіроўваецца мноства беларусаў, пераважна па палітычных матывах. 25 студзеня 1920 года намаганнямі пераведзенага з Тамерфорса консула БНР у Фінляндыі Мікалая Чарвякова пры ўрадзе Эстоніі была зарэгістравана першая арганізацыя беларускай дыяспары ў Эстоніі — Беларускі нацыянальны камітэт у Рэвелі — «Рада».

Галоўнымі мэтамі «Рады» з’яўляліся аб’яднанне эстонскіх беларусаў вакол Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Рэвелі, захаванне і падтрымка беларускай нацыянальнай культуры і мовы, а таксама дапамога ўцекачам з Беларусі і былым вайскоўцам-беларусам з Паўночна-Заходняй Арміі Юдзеніча. «Рада» садзейнічала рэгістрацыі беларусаў і набыццю імі грамадзянства БНР. За кароткі перыяд ад кастрычніка 1919 года па чэрвень 1920 год. Вайскова-дыпламатычнай місіяй БНР быў выдадзены 991 пашпарт і зарэгістравана больш за тысячу грамадзян БНР.

Мемарыяльная шыльда на будынку, дзе месцілася місія БНР, у Таліне, Эстонія (Фота wikipedia.org)

Васількоўскі так і застаўся жыць у Эстоніі, дзе ўдзельнічаў у культурным жыцці беларускай і расейскай эміграцыі. Удзельнічаў у стварэнні Звяза расейскіх знявечаных ваяроў-эмігрантаў у Эстоніі. У 1930 абраны яго старшынём. Таксама ў 1930 годзе пры падтрымцы Васількоўскага быў арганізаваны Звяз узаемадапамогі чыноў былога Паўночна-заходняга войска і расейскіх эмігрантаў у Эстоніі, старшынём якога ён з’яўляўся да закрыцця звяза ў 1936 годзе.

1 ліпеня 1940 года пасля анексіі Эстоніі Савецкім Саюзам Васількоўскі арыштаваны органамі НКВД у Таліне. 9 траўня 1941 года прысуджаны да вышэйшай меры пакарання, 12 жніўня 1941 года прысуд быў заменены на 10 гадоў зняволення. 12 студзеня 1944 Васількоўскі загінуў у лагеры ў Томску.

radabnr.org