Забыты Уладзіслаў Паўлюкоўскі



13 траўня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, этнографа, краязнаўца і мастака Уладзіслава Паўлюкоўскага (1895-1955). А ў верасні спаўняецца 65 гадоў з таго часу, калі Паўлюкоўскага не стала. Два юбілеі – радасны і сумны.

Літаратурная спадчына Уладзіслава Паўлюкоўскага раскідана па многіх заходнебеларускіх газетах і часопісах. Ён друкаваўся пад сваім уласным імем, а таксама пад псеўданімамі і крыптанімамі У-Ініцкі; Улад. Ініцкі; У.І.Ніцкі; Улад-Ініцкі; Унучак; У. Паў-скі; Ул.Паў-скі; У.І.; У.-І.; Ў.П. у “Маланцы”, “Нашай справе”, “Голасе працы”, “Сялянскай ніве”, “Авадні”, “Шляху моладзі”, “Пралесках”, беларускіх календарах і зборніках. Пасля 1940 года ў Беларусі асобным выданнем не выйшла ніводнай кнігі твораў Уладзіслава Паўлюкоўскага. Толькі ў 1928 годзе ў Вільні з’явіліся кніга вершаў “Сон Гаўрылы і розныя вершы”, потым – “Апавяданні” (Вільня, 1929), зборнічак жартаў “Клім бабаю і іншыя жарты” (Вільня, 1929) і ўспаміны “Арышты: Бяроза і воля” (Вільня, 1940). Вось і ўсё, што пабачыла свет Уладзіслава Паўлюкоўскага. Усе гэтыя выданні выйшлі пад псеўданімамі Улад-Ініцкі.

Нарадзіўся гэты таленавіты чалавек на тэрыторыі сучаснай Стаўбцоўшчыны ў вёсцы Ініца ў шматдзетнай сям’і. Вучыўся ў Стоўбцах і ў Наваградку, потым у Харкаўскім мастацкім вучылішчы.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, яго забралі на фронт. Служыў прапаршчыкам, быў палкавым пісарам у штабе 530-га пяхотнага палка, франтавыя дзеянні якога канцэнтраваліся пераважна на Віленшчыне.

Група афіцэраў. Трэці злева У. Паўлюкоўскі, 1917 г.

Малады прапаршчык падчас непрацяглага зацішша паміж баямі з дапамогай фотаапарата стварыў франтавы фоталетапіс жыцця асобнага палка. Пазней атрыманыя фатаграфіі склалі два альбомы невялікага фармату. Навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі Таццяна Жук і Марына Ліс апублікавалі шэраг ваенных фотаздымкаў Паўлюкоўскага на сайце tut.by.

У лагеры адпачынку. Першы злева Уладзіслаў Паўлюкоўскі, 1917 г.

У 1920 годзе Уладзіслаў Паўлюкоўскі прыехаў у родную вёску. Адпачыў там ад войнаў, набраўся сіл і з’ехаў у Вільню. У старажытным горадзе наладзіў сувязі з творчай інтэлігенцыяй, пачаў супрацоўнічаць з многімі беларускімі выданнямі, як графік удзельнічаў у выданні календароў, кніжак, падручнікаў, а таксама шмат фатаграфаваў. Першыя яго творы з’явіліся ў друку ў 1926 годзе. Зоська Верас у пісьме да Адама Мальдзіса ад 4 ліпеня 1980 года пісала: “Не ведаю, ці Вы звярнулі ўвагу ў маім рукапісным зборнічку біяграфіяў беларускіх дзеячаў на гэтае прозвішча – У. Паўлюкоўскі. Ён няшмат пісаў, і творы сярэдняй вартасці, але адна работа вельмі цікавая – каляндар на круглы год. Кожны месяц мае назовы ў самых розных мовах, гісторыя кожнага месяца, пачынаючы ад назову, да святаў, звычаяў і г.д. пачынаецца ад рымскіх часоў, канчаецца звычаямі, прыказкамі і г.д. беларускага народу.”

У пісьме ад 18 сакавіка 1983 года Зоська Верас Адаму Мальдзісу паведамляла, што “ён быў і мастак, і пісьменнік. Супрацоўнічаў у гумарыстычных часопісах “Маланка”, у “Заранцы” выдаў кніжку перакладаў Л.Талстога. Але галоўная яго праца – “Гісторыя календароў…” (Зоська Верас. Я помню ўсё. Гародня-Wrocław, 2013. С.192, 261).

Сапраўды, найбольш вядомая праца Уладзіслава Паўлюкоўскага ў 1930-я гады – гэта этнаграфічныя эцюды, прысвечаныя кожнаму месяцу года, – своеасаблівы народны каляндар, у якім апісваліся традыцыйныя народныя святы, звычаі, абрады, прыводзіліся народныя прыказкі, адпаведныя земляробчаму цыклу, тлумачыліся назвы месяцаў і іх першакрыніцы, а таксама назвы ў календарах іншых народаў, пачынаючы са старажытных часоў і да пачатку ХХ стагоддзя.

Шмат пісаў паэт гумарыстычных твораў. У іх ён апісваў анекдатычныя жыццёвыя сітуацыі, розныя камічныя здарэнні, выпадкі.

У 1940 годзе Уладзіслаў Паўлюкоўскі стаў працаваць у Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча. А пасля вайны да 1948 года ўзначальваў Літаратурны музей Аляксандра Пушкіна ў Вільні. Але аднойчы ў канцы лета яго арыштавалі органы МДБ. З Вільні паэта прывезлі ў Мінск і асудзілі да 10 гадоў лагероў.

Пасля смерці Сталіна, Уладзіслаў Паўлюкоўскі вярнуўся ў Вільню паралізаваным. Ён пражыў яшчэ два гады і памёр. Яму было толькі 60 гадоў, з якіх – 7 ён правёў у зняволенні: Лукішкі, Картуз-Бяроза, ГУЛАГ.

Паэта пахавалі на віленскіх могілках Роса. Як пісала тая ж Зоська Верас да Адама Мальдзіся ад 4 ліпеня 1980 года: “На яго магіле ёсць маленькі помнік. Надпіс – па-беларуску. Апекаваліся магілай удава і яе сын – пасынак Паўлюкоўскага. Але апошнія гады, як мне казаў Янка Багдановіч, магіла зусім запушчаная” (Зоська Верас. Я помню ўсё. С.192).           

Вось такі сумны лёс забытага беларускага літаратара Уладзіслава Паўлюкоўскага. Але ў жыцці ён быў і да смерці заставаўся аптымістам, любіў жарты і анекдоты. Вось як гучыць адзін з гумарыстычных вершаў Паўлюкоўскага пра тыдзень гультая, напісаны ў 1929 годзе:

У нядзелю не працуе,

Шчыра-шчыранька святкуе,

Панядзелкам спачывае,

Ды нядзелю ўспамінае.

У аўторак думаць трэба,

Што рабіць, у чым патрэба.

Серадою разважае,

Сабе працу выбірае.

У чацвер збірае сілы –

Каб не лопнулі дзе жылы.

Ловіць пятніцай ахвоту –

Заўтра пойдзе на работу.

У суботу ж падлічае,

Што рабіў дзе, ды што мае.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя