“Задачай маёй было весці вас да неба, дзеці мае!…”
У Вялікую Суботу, 90 гадоў таму, у Пінску завяршыўся зямны шлях біскупа Зігмунта Лазінскага (1870-1932). Каталіцкі іерарх адыграў важную ролю ў рэлігійным жыцці Беларусі. І ў нашыя дні для тысячаў вернікаў з’яўляецца нябесным заступнікам, бо ён – Слуга Божы. Трывае працэс прылічэння яго да ліку блажэнных.
Некалькі гадоў таму нашае радыё падрабязана распавяло пра біскупа “Зігмунт Лазінскі – сімвал беларускай мовы ў касцёле”, а з нагоды гадавіны смерці прыгадаем яскравыя моманты з біяграфіі іерарха.
6 снежня 1918 года ў Менскім катэдральным касцёле па-беларуску загучала святое Евангелле. Першую афіцыйную беларускамоўную багаслужбу правёў тагачасны менскі біскуп Зігмунт Лазінскі і манах-марыянін Фабіян Абрантовіч. Верагодна гэта праява падтрымкі Беларускай Народнай Рэспублікі, будучыня якой на той момант знаходзілася пад пагрозай. На Беларусь з усходу насоўваліся бальшавікі, а бальшавікам Лазінскі аб’явіў асабістую вайну, ён быў прынцыповым барацьбітом з савецкім ладам.
Біскуп ведаў некалькі моваў і казаў, што будзе весці набажэнства на мове краіны ў якой выпала яму несці святарскі крыж.
У жніўні 1920 года Лазінскага, як контррэвалюцыянера, арыштавалі і змясцілі ў сумнавядомую маскоўскую турму “Бутырку”. Праз год, саветы пад ціскам Варшавы і Ватыкана вызвалілі біскупа. Іерарх накіраваўся ў Пінск, тады частку польскай дзяржавы.
28 кастрычніка 1925 года Папа Рымскі Пій ХІ абвясціў пра стварэнне Пінскай каталіцкай епархіі (дыяцэзіі). Яе першым біскупам стаў Зігмунт Лазінскі. У тым жа годзе ў Пінску, дзякуючы намаганням Лазінскага, запрацавала Вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага. Семінарыя праіснавала да 1939 года і яе адрадзілі ў 2001 годзе, дзякуючы намаганням Казіміра Свёнтка (1914-2011).
Дарэчы, першы беларускі кардынал Свёнтэк гаварыў, што адчуў покліч да служэння Богу дзякуючы пінскаму біскупу, але пры жыцці яны не бачыліся. Справа ў тым, што пасля заканчэння гімназіі ў Баранавічах, выпуск Казіміра арганізаваў пілігрымку ў Пінск, да якой далучыўся і будучы кардынал. У крыпце пінскага касцёла, дзе захоўвалася труна Лазінскага, Свёнтэк у момант малітвы адчуў пакліканне да святарства. Гэта здзівіла не толькі сяброў, але і самога юнака, бо меў намер быць філолагам ды ўжо рыхтаваўся да іспытаў у Віленскім універсітэце, а ў выніку скончыў пінскую семінарыю.
Сярод дзясяткаў семінарыстаў, якім благаславенне на душпастырства даў Лазінскі, быў ксёндз Вацлаў Пянткоўскі (1902-1991). Родам з Беласточчыны з мястэчка Ясяноўцы, цяпер вёска ў складзе Манецкага павета Падляшскага ваяводства. Ксёндз Пянткоўскі між іншага вядомы тым, што ў 1970-я гады ў сваёй хаце ў вёсцы Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна Берасцейшчыны адкрыў без дазволу ўладаў семінарыю. Вучням ён выкладаў гісторыю касцёла, кананічнае права, этыку, замежныя мовы i філасофію. Праз пэўны час у Мядзведзічах збіралася адмысловая камісія са святароў і праводзіла экзаменацыю.
Пінчукі вельмі шанавалі свайго душпастыра. Доказ таму восеньскія падзеі 1939 года, калі бальшавікі ажыццяўлялі “спецаперацыю” пад выглядам вызвалення Заходняй Беларусі і Украіны з-пад гнёту “буржуазнай Польшчы”. З надыходам Чырвонай Арміі ў Пінск, вернікі і духавенства замуравалі труну з мошчамі Лазінскага ў сцяну касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Пінчукі добра ведалі, што біскуп з’яўляўся ворагам бальшавікоў, таму не без падстаў лічылі, што атэістычныя ўлады могуць учыніць гвалт над яго целам. Зараз перад труной магчыма памаліцца.
“Задачай маёй было весці вас да неба, дзеці мае! Вельмі слаба служыў я вам; ні словам, ні прыкладам я не ўмеў быць правадыром, якому трэба было быць. Прабачце мне мае грахі … Але я вас любіў бясконца і сапраўды хацеў аддаць за вас ўсё маё жыццё, і заўсёды прасіў Пана Езуса, каб дазволіў мне за вас пакутаваць, а таксама праз пакуты заслужыць Касцёлу тое, чаго не магла здабыць для Яго мая няўдалая праца …” – перад смерцю прамовіў Лазінскі.
У 1957 годзе Ватыкан пачаў працэс залічэння іерарха да ліку блажэнных. Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец у адным з інтэрв’ю нашаму радыё распавёў: “Усе дакументы аформлены, усе падпісаныя. Тыя цуды, якія былі пададзеныя на беатыфікацыю, ад якіх залежыць беатыфікацыя. Аднак былі заменены дактары ў той камісіі, з’явіліся новыя, і яны знайшлі нейкія прычыны, што не могуць гэтыя цуды прызнаць. Касцёл моліцца аб цудах з удзелам Зігмунта Лазінскага”.
У 2017 годзе, з нагоды 60-годдзя працэсу беатыфікацыі, гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Садружнасць Палесся” звярнулася з адкрытым лістом да тагачаснага каталіцкага Мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча з просьбай паспрыяць у больш хуткім завяршэнні працэсу. У адказе на зварот Кандрусевіч заклікаў маліцца аб цудзе.
Вернікі лічаць, што справа магла б рухацца хучэй, але і без таго пінчукі-каталікі называюць Зігмунта Лазінскага нябесным заступнікам Пінска.
Пятро Савіч, Радыё Рацыя