Задуменныя анёлы Дзмітрыя Гаралевіча



На працы майстар-механік віцебскага тэатру «Лялька» вырабляе лялечных персанажаў, а ў вольны час робіць сапраўдныя цуды: з абрэзкаў драўніны ў ягоных руках нараджаюцца анёлы.

Дзмітрый Гаралевіч скончыў мастацка-графічны факультэт, дзе студэнтаў навучаюць у тым ліку і разбярству. Пэўны час ён рабіў стылізаваныя сувенірныя выявы анёлаў, і яны добра прадаваліся на рамесніцкіх кірмашах, у тым ліку за мяжой. Але камерцыя аказалася не галоўным: пераважыла любоў да народнай культуры, і анёлы сталі выглядаць па-іншаму, кажа майстар:

– Мне захацелася працягваць традыцыі народных майстроў, і адразу склаўся вобраз, як яны павінны выглядаць – як у старых касцёлах дзе-небудзь у вёсках. Не так, як у кафедральных саборах, дзе яны такія правільныя, з прапорцыямі… А менавіта як рабілі народныя майстры – яны крыху нязграбныя, можа. Але ў гэтым ёсць нешта цёплае, сваё.

Гэтых анёлаў Дзмітры Гаралевіч не прадае – не хоча рабіць камерцыю на творах, у якія ўкладзена душа. А яшчэ ў яго ёсць мара, яна таксама звязана з народным мастацтвам:

– Хачу зрабіць батлейку з такімі лялькамі. «Цара Ірада» граць, там Цар Ірад, Вешчуны, Анёлы… Мару вывозіць яе куды-небудзь. Можа, у касцёлы, можа, у Дамы культуры, менавіта па маленькіх мястэчках. Сапраўдную беларускую батлейку, адчуваю сувязь нейкую з гэтым з усім.

Анёлы Дзмітрыя Гаралевіча змагаюцца з нячысцікамі, граюць на музычных інструментах або сціпла стаяць, склаўшы крылцы. У майстра часта пытаюцца, чаму яны ніколі не ўсміхаюцца, нібыта сумуюць. Але яны не сумныя – яны задуменныя, адказвае аўтар. Бо анёльская доля – дапамагаць людзям, а гэта справа адказная.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя