Закатаваны драматург за п’есу лагернага жыцця
9 студзеня споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння беларускага драматурга, паэта, публіцыста і тэатральнага дзеяча Васіля Шашалевіча (1897-1941).
Васіль Шашалевіч быў родам з вёскі Мхінічы Краснапольскага раёна. Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі і ў Яраслаўскім юрыдычным ліцэі. Як драматург Васіль Шашалевіч гучна заявіў пра сябе ў 1925 годзе, калі ў Маскве паставілі яго п’есу “Апраметная”. Прыйшла слава, а з ёй – увага пільных органаў.
Літаб’яднанне „Узвышша”. Крайні злева Васіль Шашалевіч.
У 1930 годзе Васіля Шашалевіча арыштавалі першы раз. Тады пашанцавала, адпусцілі. А вось родны брат – пісьменнік Андрэй Мрый – патрапіў у лагер.
Другі раз драматурга арыштавалі ў 1936 годзе. Зноў жа, пасля пастаноўкі ўдалай п’есы “Сімфонія гневу”, пра пагрозу фашызму, тыранію і асабістую свабоду.
Васіль Шашалевіч з жонкай і сынам, 1926 г.
Скончылася жыццё драматурга ў Томскім лагеры, на лесапавале. Гэта была трагічная і страшная смерць. А прычынай сталася яшчэ адна п’еска – яе паставілі ў лагеры, каб павесяліць народ. П’еса не спадабалася лагернаму кіраўніцтву. Васіль Шашалевіч быў адпраўлены на лесапавал, дзе трагічна загінуў. “Часцей за ўсё ахвярамi трагедый становяцца сумленныя, непрадбачлiвыя, даверлiвыя i непрактычныя людзi. Такiя, як Васiль Шашалевiч”, – пісаў паэт Сяргей Грахоўскі, вязень ГУЛАГа.
Беларускае Радыё Рацыя