Захаваць знікаючую спадчыну
Надзея Андраюк, жыхарка вёскі Рэчыца, што на Камянеччыне, сабрала скарбы сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль ў сваёй хаце на ўласным даху. Яна стварыла аматарскі музей народнага побыту. Частка экспанатаў засталася ёй у спадчыну ад блізкіх сваякоў, яшчэ частку – прынеслі аднавяскоўцы.
“У першую чаргу – гэта захаванне нашага гістарычнага мінулага”, – распавяла стваральніца музею Надзея Андраюк:
– Час ідзе, тая эпоха, у якой жылі нашыя дзядулі, бабулі, бацькі, адыходзіць. Імкнешся нешта захаваць. Знаходзіш гэтыя рэчы на закінутых, пакрытых пылам гарышчах. І бачыш, наколькі яны бясцэнныя.
Сярод экспанатаў у аматарскім музеі: калаўроты, маслабойка, цяжкія прасы, ліхтары з таямнічымі надпісамі, вопратка пачатку мінулага стагоддзя і так далей.
Са словаў Надзеі Андраюк, галоўная мэта – гэта захаваць ужо знікаючую спадчыну для дзяцей і ўнукаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Камянец
Фота schoolnet.by