«Заклятыя скарбы» – першы беларускі веб-серыял жахаў



Каманда маладых творцаў здымае першы беларускі веб-серыял жахаў «Заклятыя скарбы» па-беларуску. 28 красавіка ў свабодным доступе з’явілася першая серыя, што называецца «Галаву складзеш».

Лічба яе праглядаў такая, што натхняе стваральнікаў рабіць яго далей – кажа літаратарка Валярына Кустава, якая між іншым працуе над сцэнарыем.

– За суткі атрымліваецца 211 тысяч 902 прагляды былі. Гэта такі рэкорд. На прасторы ўсяго СНД у ніводнага серыялу яшчэ не было такіх праглядаў.

Сюжэт серыялу «Заклятыя скарбы» зняты па матывах традыцыйных беларускіх легендаў і паданняў, і натхнёны аднайменнай кнігай. І гэта, як аказалася, зацікавіла беларускую моладзь – працягвае Валерыя Кустава.

– Залежала, каб максімальна гэта было кіно беларускае. Нашае кіно. Заснаванае на нашых легендах, на нашай мове. У асноўным – з беларускімі акторамі, па-беларуску. Натуральна, што мы не здымаем гістарычнае кіно. Усе гэтыя паданні і міфы адаптаваныя пад сучаснасць. Героі – нашы суседзі, сябры, звычайныя, нармальныя беларусы.

Аўтарамі сцэнароў сталі Зміцер Шкрадзюк, Серж Аўсяннік і літаратарка Валярына Кустава. Плануецца, што ў першым сезоне штомесяц будуць з’яўляцца новыя серыі. Першую серыю аўтары стварылі за свой кошт.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя