Залеская “Батлейка” адзначае свой юбілей



35 год народнаму тэатру лялек “Батлейка” адзначылі ў Залессі. Традыцыі беларускай батлейкі пачалі адраджаць тут яшчэ ў 1980-х гадах Алесь Лось і Яўгенія Ліс. Сёлета мясцовы Дом культуры сабраў усіх, хто жыў і працягвае жыць батлейкай.

Вядучая імпрэзы Аксана Ліс павітала прысутных:

– 35 гадоў народнаму тэатру лялек “Батлейка”! І сёння мы будзем святкаваць разам, згадваць усё самае добрае, вітаем нашых батлеечнікаў! Пачынаем з самага прыемнага – пачынаем з гасцей!

Сярод запрошаных гасцей быў заснавальнік залескай “Батлейкі”, вядомы музыка, спадар Алесь Лось:

– Мы былі амбітнымі мастакамі… Прыехалі пасля Акадэміі. Працавалі з “Батлейкай” яшчэ студэнтамі, з 1981 года, – увесь Менск гудзеў ад “Батлейкі”! Вяскоўцы ўспрынялі нас насцярожана. Тым часам мы з сябрамі-рэстаўратараі (у тым ліку з Сяргеем Верамейчыкам!) мелі план – зрабіць музей батлейкі ў кальвінскім зборы Смаргоні. На той час там быў нейкі склад…

Кожны з запрошаных гасцей сказаў добрыя словы пра “Батлейку” ды згадаў гісторыі з жыцця і працы, з ёй звязаныя.

Афіша Л.Кальмаева і С.Рыжыкава, plakat.unid.by

Рэжысёр-пастаноўшчык народнага тэатра Таццяна Нісцюрына разам са сваімі акторамі-аматарамі розных узростаў прапанавала публіцы ўрыўкі са свайго апошняга спектакля “Колазварот”. 

Дар’я Ліс для Беларускага Радыё Рацыя, Смаргонскі раён