Замест музея Коласа – магла быць прыватная сядзіба
У той дзень, 11 лістапада 1990 года, ў двары колішняй школы сабралося шмат людзей. Даўно ў Пінкавічах, што пад Пінскам, не ладзіліся такія масавыя ўрачыстасці. На свята завіталі пачэсныя госці з розных куткоў краіны, але ў цэнтры падзеі знаходзілася сям’я Міцкевічаў.
Усе прысутныя сталі сведкамі знакавай падзеі – адкрыцця літаратурна-краязнаўчага музея імя Якуба Коласа, цяпер установа мае статус “Народнага”.
Класік айчыннай літаратуры настаўнічаў у Пінкавічах у 1904-1906 гадах. Афіцыйнай датай заснавання Пінкавіцкага народнага вучылішча лічыцца верасень 1863 года. З таго часу будынак некалькі разоў прыцярпеў капітальны рамонт, апошні ў 2012 годзе, але той самы падмурак захаваўся. Цяпер тут і знаходзіцца музей.
У фондах налічваецца блізка паўтысячы экспанатаў. Экспазіцыя складаецца з чатырох раздзелаў (залаў): “Мінулае Пінкавічаў. Сялянская хата”, “Я.Колас у Пінкавічах”, “Я.Колас у Пінску”, “Пінкавічы сення”. У вестыбюлі знаходзіцца бюст пісьменніка, а на сценах малюнкі з пейзажамі вёскі. Сярод экспанатаў: старыя кнігі Коласа і беларускіх пісьменнікаў, здымкі, партрэты, лісты, нумізматыка, прадметы хатняга ўжытку і г.д. Асаблівую цікавасць выклікае царкоўная кніга, якая вялася ў 1799-1809 гадах.
Заснавальнікам і першым дырэктарам установы быў Іван Калоша (1929-2010) (гл.: Пра настаўніка міністраў, стваральніка музея і энцыклапедыста Палесся). Без яго плённай і руплівай працы музею наўпрост не было б, і гэта дакладна. Іван Іосіфавіч пачаў выкладаць беларускую мову і літаратуру ў мясцовай школе з 1960-х гадоў, тады ж зрабіў першы крок да годнага ўшанавання памяці Песняра ў Пінкавічах. У адным з школьных памяшканняў уладкаваў мемарыяльны куток пісьменніка.
З сярэдзіны 1980-х гадоў будынак пінкавіцкай вучэльні, дзе настаўнічаў Колас, пачаў пуставаць. Тады Калоша і задумаў стварыць паўнавартнастны літаратурна-краязнаўчы музей. А вось у сельскім выканаўчым камітэце на сядзібу было свае бачанне – прадаць камусьці ва ўладаранне. Чыноўнікі запусцілі працэс, знайшліся пакупнікі. Месца добрае, зямлі для агарода хапае ды і хата не малая – каля 200 кв.метраў.
Настаўнік роднай мовы больш года пераконваў бюракратаў адмовіцца ад здзелкі, але ў кабінетах ніхто і чуць не хацеў пра нейкую там коласаўскую спадчыну ды цікавую гісторыю паселішча. Давялося выхадзіць на Менск і вось тады падзейнічала, Калоша перамог.
Як кажуць Іван Іосіфавіч і яго прыхільнікі атрымалі “зялёны свет”, але сутыкнуліся з іншай праблемай. Канец 80-х гадоў, знайсці сродкі, будаўнічы матэрыял і г.д. стала надзвычай цяжка. Адгукнуліся калегі – настаўнікі працоўнага навучання разам з вучнямі ўзяліся за стварэнне стэндаў, а пінкаўцы сабралі ахвяраванні, перадалі Калошы старыя рэчы.
Народнымі намаганнямі музей паўстаў. Сёння гэта не толькі сховішча мінуўшчыны, але важны грамадска-культурніцкі цэнтр Піншчыны. Тут рэгулярна ладзяцца творчыя імпрэзы, канцэрты, сустрэчы грамадскасці з творчымі людзьмі. Усё выключна па-беларуску, а як інакш у “коласавай хаце”.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя