Замкі Гарадзеншчыны – на выставе ў Гайнаўцы



У Музеі і асяродку беларускай культуры адкрылася выстава “Мураваныя замкі Гарадзеншчыны 14-17 стагоддзяў”. На ёй – артэфакты з Мірскага, Крэўскага, Лідскага, Гарадзенскага ды Любчанскага замкаў. “Экспанаты знойдзены ў час археалагічных раскопак”, – кажа навуковая супрацоўніца Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Вольга Ураш:

– Не толькі элементы замкаў, там ёсць розныя будаўнічыя матэрыялы, але і побытавыя рэчы, а таксама зброя. Кожны прадмет унікальны і дае нейкую інфармацыю. Канешне, сярод іх ёсць найбольш унікальныя. Гэта і кафля, ёсць і самыя раннія прыклады кафлі – гаршковая, міскавая, і больш позняя. Сярод побытавых рэчаў – элементы посуду, фрагмент талеркі з гербам Радзівіла і відэлец з Мірскага замку з касцяной акладкай. Для тых, хто цікавіцца вайсковай справай, ёсць элементы зброі, рыштунак воіна і каня.

Экспанаты паходзяць з Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Выставу, прысвечаную мураваным замкам, можна наведваць у Гайнаўцы да канца лета. Да яе арганізацыі спрычыніўся Беларускі цэнтр культуры ў Варшаве, які дзейнічаць пры амбасадзе Беларусі.

[Not a valid template]

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя