Запісы Ларысы Касцюкавец папоўняць гукавы атлас Беларусі
Намаганнямі этнамузыколагаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі на працягу 12 гадоў выдаецца серыя дыскаў «Аўдыёатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі». Акрамя рарытэтных запісаў, на кожным дыску прадстаўлена багатая навуковая інфармацыя. Расказвае загадчык кабінета традыцыйных музычных культур Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Таццяна Бярковіч:
– Серыя прысвечана паказу традыцыйнай музычнай культуры беларусаў. Мы рэпрэзентуем архіўныя матэрыялы кабінета традыцыйных музычных культур. Гэта не проста архіўныя запісы, а рарытэтныя, вельмі скрупулёзна адабраныя гучанні, якія прадстаўлены ў суправаджэнні навуковых каментароў, навуковага артыкула, дзе вельмі важную частку складаюць нотныя транскрыпцыі самых яркіх узораў у межах кожнай калекцыі.
У апошні час серыя даволі актыўна папаўняецца новымі аўдыёвыданнямі. Чарговы дыск з серыі ўбачыць свет ужо да канца бягучага года і будзе змяшчаць экспедыцыйныя запісы Ларысы Касцюкавец.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя