Запрацавала беларуская версія сайта Гарадзенскага драмтэатра
Хоць беларускамоўных спектакляў і не стала больш у Гарадзенскім драмтэатры, але адна навіна стала прыемнай для тых, хто шануе родную мову: запрацаваў новы сайт гэтай установы, дзе з’явілася і беларуская версія.
Як відаць па некаторых рубрыках, сайт яшчэ не запоўнены цалкам. Але асноўныя рубрыкі ўжо знаёмяць наведнікаў з навінамі, гісторыяй тэатра, рэпертуарам, дзе можна праз інтэрнэт замовіць квіток.
Хоць зрух у кірунку паважлівага стаўлення да беларускай дзяржаўнай мовы на сайтах дзяржаўных установаў відавочны ў гарадзенскай інтэрнэт прасторы, але многія ўстановы, не датычныя культуры, яго ігнаруюць. Нібы беларусам не варта ведаць пра падзеі, якія там адбываюцца.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня