Заснавана прэмія імя Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі
Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына” абвясцілі пра заснаванне літаратурнай прэміі за найлепшую кнігу паэзіі імя Наталлі Арсенневай — выбітной беларускай паэткі, аўтара знакавага верша „Магутны Божа”. Пасля вайны Арсеннева апынулася ў эміграцыі, дзе працягвала займацца беларускай справай, удзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці, адзначаюць ініцыятары прэміі.
Першая прэмія будзе ўручаная сёлета за кнігу паэзіі, напісаную на беларускай мове і выданую ў 2016 годзе. Пераможцу вызначыць журы, у склад якога ўваходзіць Ірына Багдановіч, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Глазаў, Вальжына Морт і Ціхан Чарнякевіч.
Літаратурная прэмія імя Арсенневай заснаваная пры спрыянні беларуска-амерыканскага Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі.
Правам намінавання на прэмію валодаюць выдаўцы, творчыя аб’яднанні, аргкамітэт прэміі, сябры журы і самі аўтары. На іх ляжыць абавязак падаць да 1 кастрычніка на разгляд журы прэміі электронныя pdf-версіі выданняў і, калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, два папяровыя асобнікі.