Заснаваная беларуска-ўкраінская літаратурная прэмія імя Міхася Жызнеўскага (абноўлена)



Беларускія і ўкраінскія літаратуразнаўцы на семінары ў Кіеве абмеркавалі праблемы і агучылі дасягненні сваіх нацыянальных літаратур. Кандыдат філалагічных навук, удзельнік семінару Анатоль Івашчанка лічыць, што з матэрыялаў, якія прагучалі на кіеўскіх сустрэча можна падрыхтаваць не адзін літаратуразнаўчы зборнік:

– Было два дні. У першы дзень чыталіся даклады па паэзіі, у другі дзень чыталіся даклады па прозе і драматургіі. Адбывалася абмеркаванне бягучых пытанняў літараутры, літаратуразнаўства, і на маю думку, даволі змястоўна, навукова грунтоўна, разнапланава. І беларускія даследчыкі, і ўкраінскія даследчыкі прадставілі свае літаратуры.

Па выніках працы семінару было вырашана заснаваць супольную беларуска-ўкраінскую літаратурную прэмію імя Міхася Жызнеўскага, беларуса, які летась загінуў на кіеўскім Майдане.

* * *

Беларускія і ўкраінскія пісьменнікі заснавалі літаратурную прэмію імя Міхася Жызнеўскага, які загінуў падчас мінулагодняга Майдану ў Кіеве.

1-3 ліпеня ў Кіеве праходзіў сумесны ўкраінска-беларускі літаратурны семінар, арганізаваны Нацыянальным Саюзам пісьменнікаў Украіны. Сярод яго ўдзельнікаў з беларускага боку быў літаратуразнаўца і паэт Анатоль Івашчанка:

– Таксама падчас гэтага семінару была заснаваная беларуска-ўкраінская літаратурная прэмія памяці Міхася Жызнеўскага, які сярод першых загінуў на Майдане ў Кіеве. І вось у гонар яго вырашана заснаваць адмысловую прэмію за патрыятычныя творы.

Прэс-цэнтр Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны паведаміў, што прэмія будзе прысуджацца за кнігу ўкраінскага або беларускага аўтара, у якой дзейнічае высакародны, смелы герой, які змагаецца за справядлівасць, прапаведуе агульначалавечыя каштоўнасці і з’яўляецца ўзорам для пераймання.

З беларускага боку ўдзел у семінары прынялі таксама літаратуразнаўцы Ала Петрушкевіч, Лявон Баршчэўскі, Алесь Пашкевіч і Ціхан Чарнякевіч. Узначальваў беларускую дэлегацыю старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.  

[Not a valid template]

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота прэс-цэнтра НСПУ.