«Заспявай 5» прапануе музыкам зрабіць песню на верш маладых паэтаў



Спалучыць сучасную музыку ды сучасную паэзію. З нагоды старту пятага сезону музычнага конкурса «Заспявай» у Арт-Сядзібе прайшла сустрэча з арганізатарамі. Сёлетні «Заспявай 5» прымае да ўдзелу творы маладых выканаўцаў на вершы сучасных маладых паэтаў-фіналістаў прэміі «Дэбют». Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца музыкі ад 16 да 30 год.

«Асабліва вітаем школьнікаў ды студэнтаў першых курсаў,» – адзначае кіраўнік партала Tuzinfm і прадусар конкурсу «Заспявай» Сяргей Будкін:

— Не грае ролі ні музычная адукацыя, ні ступень валодання інструментам і голасам. Мы працуем з усімі музычнымі жанрамі: гэта можа быць і рэп і панк-рок і нейкі больш класічны стыль. Важна напісаць песню на верш. Вершы мы прапануем да выбару, гэта 25 паэтычных зборнікаў сучаснай паэзіі, фактычна ад аднагодкаў. Такім чынам мы хочам спалучыць гэтыя дзве паралельныя плыні: сучасную паэзію і сучасную музыку. Спадзяёмся, што з гэтага выйдзе плён.

Удзел у вечарыне-прэзентацыі конкурса таксама ўзялі і мінулагоднія пераможцы – гурт «Хеліос», ўладальнік літаратурнай прэміі «Дэбют» Міхал Бараноўскі. Падаць заяўкі на «Заспявай 5» можна да 21 кастрычніка 2018 года праз веб-форму на сайце Tuzinfm.by.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

 

Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск