„Заспявай” у новым фармаце 4×4
Фіналістаў чакаюць навучальная сесія, праца ў студыі, выпускныя канцэрты, а пераможцу – грашовы прыз у 1000 BYN і кліп.
Партал Tuzin.fm разам з фондам «Вяртанне» і кампаніяй «Будзьма беларусамі» абвяшчаюць чацвёрты сезон конкурсу «Заспявай» для выканаўцаў ад 18 да 30 год. Сёлета ён пройдзе ў новым фармаце і толькі ў адной намінацыі – «Спяваная паэзія». Удзельнікам прапануецца абраць верш сучаснага паэта (за апошнія 30 год) і праспяваць яго на сваю музыку.
«З усіх пададзеных заяваў журы конкурсу адбярэ чатары фіналісты. Кожнага з іх будзе падтрымліваць свой ментар, з якім выканаўцы разам пройдуць такі шлях: навучальная сесія з лекцыямі, майстар-класамі ды практычнымі заняткамі, дапрацоўка конкурснай песні ў студыі і выпускны канцэрт, – распавядае прадусар «Заспявай» Сяргей Будкін, – Па выніку ўсіх гэтых этапаў будзе названы пераможца. Ён атрымае грашовы прыз для рэалізацыі далейшых творчых задумаў, а рэжысёр Арцём Лобач здыме на яго песню кліп». Арганізатары кажуць, што з дапамогай конкурсу імкнуцца адкрыць для маладых музыкаў свет беларускай сучаснай паэзіі ды паспрыяць таму, каб добрыя вершы сталі песнямі.
Заявы на конкурс прымаюцца да 1 траўня 2017 году ўключна на мэйл [email protected] з пазнакаю «Заява на конкурс-2017». Падрабязней пра ўмовы – на старонцы арганізатараў.
Пераможцамі папярэдніх конкурсаў станавіліся Віталь Варанко, гурты Navi, Pauline, Leibonik і трыё Дзмітрый Нікановіч, Вольга Сацюк, Мікіта Найдзёнаў.
Аўдыё песень пераможцаў і лаўрэатаў «Заспявай»: