Застрэліўся на беразе Нёмана
Віленскі беларускі часопіс “Шлях моладзі” у 1933 годзе адзін з першых адгукнуўся на смерць маладога паэта Міхася Явара (1903-1933) з вёскі Мінявічы былога Гарадзенскага павета, а цяпер Мастоўскі раён. На 6-7 старонках часопіс апублікаваў спачувальны тэкст-некралог і верш Міхася Явара “Вечар”. Некралог падпісаны крыптанімам Я-к. Вось пра што пісаў аўтар Я-к: “Дваццаць чацвёртага чэрвеня 1933 года, седзячы над берагам Нёмана, каля роднае вёскі Мінявічы, Луненскай гміны Гарадзенскага павета, выстралам з рэвальвера перарваў сабе жыццё малады беларускі паэт Міхась Явар (Карась). Паходзіў Міхась Явар з небагатае беларускае сялянскае сям’і. Ён глыбока перажываў сучасныя падзеі і цяжкае палажэнне беларускага народу. Здароўе меў слабое і доўга хварэў на сухоты. Апошнім жа часам папаў ён у цяжкія жыццёвыя абаставіны. Усё гэта так забойча дзеіла на ягоную маладую душу, што нервы больш не маглі вытрымаць…”.
Нарадзіўся Міхась Явар 8 лістапада 1903 года на Мастоўшчыне ў вёсцы Мінявічы, якая знаходзіцца ў непаўторных па прыгажосці мясцінах на беразе Нёмана. Дзяцінства прайшло ў роднай вёсцы, дзве зімою хадзіў у школу, а летам працаваў. Зямлі было мала, а сям’я вялікая. Акрамя Міхася ў Карасёў нарадзіліся яшчэ сын Васіль і дзве дачкі – Люба і Вольга. Міхась пачаў займацца рыбалоўляй на Нёмане. Гэту справу ён вельмі любіў. Ведаў рыбныя месцы, вывучыў паводзіны рыб ва ўсе поры года і ў рознае надвор’е. Таму заўсёды рыбы лавіў шмат і прадаваў яе гандлярам і службоўцам з мястэчка Луна.
Міхась быў горды, мужны, свабодалюбівы і праўдзівы чалавек. Ён часта казаў сялянам, як дабівацца сваіх правоў. А яшчэ Міхась быў заўсёды акуратна апрануты, падтрымліваў парадак і ахайнасць.
Паэт моцна любіў Нёман. Скразным вобразам усёй сціплай творчасці Міхася Явара быў родны Нёман – своеасаблівы сімвал мінулай і будучай славы Беларусі. У вершах паэт размаўляў з вялікай ракой, называючы яе “самай вернай, роднай і мілай”, якая ніколі не крыўдзіла паэта.
Пры жыцці Міхася Явара вельмі паважалі яго равеснікі і старэйшыя хлопцы і дзяўчаты. Ён са сваімі сябрамі наладжваў розныя канцэрты і спектаклі не толькі ў сваёй вёсцы, але і ў суседніх. На выступленні Міхася і яго самадзейных артыстаў прыходзілі дзесяткі гледачоў. Вясковыя артысты ставілі спектаклі па п’есах Янкі Купалы, Леапольда Родзевіча, Каруся Каганца. Перад пачаткам канцэртаў і спектакляў на сцэну выходзіў Міхась Явар і мяккім, задушэўным голасам чытаў паэтычныя радкі. Гэта былі вершы пра хараство родных краявідаў, пра мілы сэрцу Нёман, пра сялянскую нядолю. У іх чулася горкая, зразумелая людзям жальба і гарачая вера ў перамогу народнай справы.
Вельмі шчыра сябраваў Міхась Явар з паэтам Міхасём Васільком (Касцевічам, 1905-1960). Яны часта сустракалі, гутарылі пра паэзіію і Беларусь. Звычайна гэтыя сустрэчы адбываліся на беразе Нёмана. Магчыма, Міхась Васілёк найперш натхніў Явара на творчасць.
Сябры жылі воддаль адзін ад аднаго, але сустракаліся ў вольны час. Міхась Васілёк звычайна наведваў Явара, слухаў яго вершы, паказваў, як што паправіць, падбадзёрваў хворага і расчараванага ў жыцці чалавека. Сябры садзіліся ў лодку і, як змоўшчыкі, плылі ўніз па рэчцы, аддаючыся задушэўным размовам. Васілёк успамінаў сваё юнацтва. А Явар слухаў. Ад цяпла дружбы тады весялеў сам Міхась.
Першыя спробы пяра паэта пачалі з’яўляцца на старонках часопіса “Шлях моладзі” у 1932 годзе. Гэта быў верш “Ружы і салавей”. Сюжэтны твор пра пахучыя ружы, дзе салавейка звіў гняздо і спяваў песні кахання раніцай і вечарам. Але аднойчы нехта сарваў пахучыя ружы, а потым дождж і вецер разбурыў гняздо і загінуў салавейка. Можа трохі і наіўны верш, але шчыры, просты і з надзеяй на светлае і шчаслівае жыццё.
Свае вершы Міхась Явар паспеў яшчэ надрукаваць не толькі ў “Шляху моладзі”, але і ў заходнебеларускіх выданнях “Беларуская газета” і “Летапіс ТБШ”. У творчых пошуках ён стараўся арыентавацца на традыцыі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, творы беларускай вуснапаэтычнай творчасці.
Міхась Явар быў не толькі добрым рыбаком і светлым паэтам, але яшчэ і грамадскім дзеячам. Асаблівую актыўнасць ён праяўляў у канцы 1920-х гадоў. Ён падтрымліваў сувязі з сябрамі з Беларускай сялянска-работніцкай Грамады, шмат працаваў як актывіст, агітаў за школу на роднай мове, распаўсюджваў лістоўкі.
Міхась Явар меў вялікую пашану ў людзей, таму, нягледзячы на самагубства, яго пахавалі на могілках у Навасёлках, непадалёку ад Нёмана. У 1991 годзе настаўнік Алесь Белакоз на сесіі Луненскага сельсавета распавёў дэпутатам пра лёс Явара, яго творчасць, прачытаў вершы паэта. Пасля гэтага дэпутаты выказаліся аднагалосна за перайменаванне ў Луна вуліцы Энгельса ў вуліцу Явара (па гэтай дарозе шмат разоў хадзіў паэт у мястэчка гандляваць рыбаю). А мясцовы настаўнік Уладзімір Брыцька разам са сваімі вучнямі шмат гадоў таму на вуліцы Явара пасадзілі явары. Дрэвы цяпер даволі вялікія і яны, здаецца, гамоняць пра тутэйшага паэта. А каля самага Нёмана ў Мінявічах мясцовыя грамадскія актывісты паклалі памятны валун з надпісам: “Марам Міхася Явара”.
Беларускае Радыё Рацыя