“Зацірка” з Залесся ад Сяргея Верамейчыка



Сёння ў музеі-сядзібе М. К. Агінскага ў Залессі Смаргонскага раёна віруе свецкае жыццё: тэатралізаваныя экскурсіі, мастацкія выставы, музычна-паэтычныя імпрэзы, вясельныя фотасэсіі… Яшчэ год сем-дзесяць таму палац і парк былі ў запусценні, але атмасфера “Паўночных Афінаў” пачала адраджацца тут яшчэ напрыканцы 1980-х-пачатку 90-х.

Адным з тых, каму варта сказаць шчыры дзякуй за аднаўленне і “піяр” тэмы князя Агінскага як музыкі, палітыка, неардынарнай асобы, стаў архітэктар-рэстаўратар з Менска Сяргей Верамейчык. 1989 годзе прыехаў ў Залессе са сталіцы і застаўся тут назаўжды.

Былы старэйшы навуковы супрацоўнік музея Агінскага спадар Верамейчык распавядае пра тое, як усё пачыналася калісьці, як ён трапіў у Залессе і спрабаваў стварыць тут аўтарскую дзіцячую школу мастацтваў.

  • Я праводзіў лета ў вёсцы. Тры месяцы свабоды! А потым проста цярпеў школу, горад і чакаў наступнага лета, каб жыць на свабодзе. У Залессе я прыехаў, бо тут, у суседняй вёсцы Зарудзічы, жылі Жэня Ліс і Алесь Лось – адраджалі лялечны тэатр “Батлейка”. Вобразна кажучы, мы разам вырашылі “захапіць” палац Агінскіх і зладзілі тут праз год першае свята на дзень народзінаў Міхала Клеафаса (225 год).

Потым вы пабудавалі дом у Залессі і канчаткова прыжыліся…

  • Так сталася, што Жэня з Алесем потым з’ехалі, а я застаўся. Мяне падтрымаў тагачасны старшыня Смаргонскага райвыканкама Анатоль Янец і дырэктар Залескай школы Пётр Рабцаў, які пісаў кандыдацкую дысертацыю, падтрымліваў усё новае і адкрыў мне дзверы школы… Мне дазволілі запачаткаваць мастацкую студыю “Апалонік” і тэатральна-музычную студыя “Альтанка”.

Менавіта з “Альтанкай” спадар Верамейчык даваў канцэрты не толькі ў Залессі, але і ў Польшчы, Літве, Італіі.

  • Прыехаўшы ў Залессе, я яшчэ нічога не ведаў пра М. К. Агінскага, але мне ў рукі трапіла кніга Адама Мальдзіса “Падарожжа ў XIX стагоддзе”. І там я ўбачыў трохкутнік “Гузаў-Залессе-Фларэнцыя”. Дзяцінства, сталасць і смерць кампазітара… І я падумаў, што варта звазіць залескіх дзяцей па гэтым маршруце. Напісаў праект стварэння гульні ў оперу “Вечар у Паўночных Афінах, ці Сон Антонькі”. Музычны спектакль пра жыццё Агінскага на грунце народнага беларускага тэатра Батлейка. Удалоя атрымаць грант на падарожжа. 

Менавіта дзякуючы спадару Верамейчыку, Залескай сярэдняй школе і многім неабыякавым сябрам Агінскага з розных куточкаў Беларусі (з замежжа – таксама!) маёнтак М. К. Агінскага датрываў да вялікіх грошай і маштабнай рэканструкцыі. Штогод 25 верасня ўся гэта вясёлая грамада збіраліся ў Залессі ў госці “да Міхала” – святкаваць дзень народзінаў князя.

Сяргей Верамейчык. Мастак, архітэктар, рэстаўратар, музыка і педагог. Аўтар кніжкі “М. К. Агінскі…” (выдавецтва “Кавалер”, Менск, 2003, пераклад на літоўскую мову – 2008 г.) Пры падтрымцы сяброў выдаў два аўтарскіх дыскі – “Зацірка з Залесся. Спевы для дзяцей” (2003 г.) і “Гукі Залесся” (2010 г.)

Дар’я Ліс для Беларускага радыё Рацыя, Смаргонскі раён