Завершана праца над чарговым выданнем кнігі “Імёны Свабоды”



Пісьменнік Уладзімір Арлоў завершыў працу над чарговым выданнем кнігі “Імёны Свабоды” для кніжнай серыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе”, якую выдае „Радыё Свабода”.

Гэта будзе чацвёртае выданне кнігі. Пра яго адрозненне ад ранейшых расказвае сам аўтар – Уладзімір Арлоў:

– На жаль, сярод маіх герояў ёсць зусім маладыя. У папярэднім – трэцім выданні з’явіўся тэкст пра Міхася Жызнеўскага, які загінуў на кіеўскім Майдане. А ў чацвёртым выданні будзе аповед пра Алеся Чаркашына – берасцейца, які загінуў на ўкраінска-расейскай вайне, і пасмяротна ўзнагароджаны ўказам прэзідэнта Парашэнкі Ордэнам “Герой Украіны”.

Кніга “Імёны Свабоды” аб’яднала біяграфічныя эсэ з розных гістарычных перыядаў: ад часоў паўстанняў XVIII стагоддзя  — да сённяшніх дзён. У новае выданне кнігі дададзена 66 біяграфічных эсэ. Як лічыць сам аўтар, кніга можа выкарыстоўвацца як дапаможнік для вывучэння беларускай гісторыі, напісаньня раманаў, здымання фільмаў, абароны дысертацыяў, змены назваў вуліцаў і плошчаў.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя