Завершыліся гастролі менскага тэатра ў Беластоку (абноўлена)



Менскія акцёры выступілі на беластоцкай сцэне, цяпер беластачанаў чакаюць у беларускай сталіцы. Гэта вынік даўняга супрацоўніцтва паміж тэатрамі Польшчы і Беларусі. У Беластоку завершыліся гастролі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, у траўні акцёры драматычнага тэатра імя Венгеркі з Беластоку паедуць на гастролі ў Менск.

Супраца наша даўняя – кажа дырэктарка беластоцкага тэатра Агнежка Карыткоўская-Мазур:

– Мне падаецца, што сапраўдныя працэсы творчага абмену не адбываюцца толькі абменам спектаклямі. Гэта яшчэ і творчыя сустрэчы. Мая супраца як дырэктара тэатра імя Венгеркі з Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі і яго артыстамі пачалася вельмі хутка.

З задавальненнем чакаем на нашай сцэне ў Менску выступаў беластоцкіх сяброў – кажа дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі:

– Будуць прадстаўлены тры спектаклі, і мы, і пасольства Польшчы, і Інстытут Польшчы, і польская дыяспара будзем прадстаўляць п’есы нашых сяброў, нашых калег. Ужо размешчана рэклама і пачаўся продаж білетаў. Вельмі чакаем нашых сяброў.

У рамках гастроляў на сцэне драматычнга тэатра ў Беластоку менскія акцёры паказалі два спектаклі па творах Янкі Купалы – фольк-оперу “Адвечная песня” і “Раскіданае гняздо”. У Менск з Беластоку прывязуць тры спектаклі.

* * *

“Гастролі завершаныя – атрымалася выдатна,” – так візіт у Беласток сваёй тэатральнай трупы ацэньвае дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі.

teatr

На беластоцкай сцэне менскія акцёры паказалі два спектклі па творах Янкі Купалы – фольк-оперу “Адвечная песня” і спектакль “Раскіданае гняздо”. Беластоцкая публіка выдатна прымала беларускіх акцёраў – кажа дырэктар:

– Апошні раз мы былі ў Беластоку два гады таму. Гэтым разам мы прадставілі наш тэатр маштабна, выехала амаль уся трупа. Мы паказалі нашую нацыянальную культуру праз творчасць нашага беларускага класіка, нашага песняра – Янку Купалу. Гледзячы на тое, як рэагаваў глядач, што мы за гэтыя два дні пачулі, я магу сказаць, што ўсё атрымалася.

Гастролі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі – гэта вынік супрацоўніцтва з беластоцкім тэатрам. У траўні акцёры драматычнага тэатра імя Венгеркі з Беластоку паедуць на гастролі ў Менск.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара