Завяршыўся ХХІІ кніжны форум у Львове



У Львове завяршыўся ХХІІ кніжны форум – адзін самых аўтарытэтных літаратурна-выдавецкіх фестываляў ва ўсёй Усходняй Еўропе. На Форуме традыцыйна была і беларуская дэлегацыя.

Ці існуе моўны бар’ер паміж беларускімі аўтарамі і ўкраінскімі чытачамі? Ці ёсць цікаўнасць ва Украіне да сучаснай беларускай літаратуры? Што трэба зрабіць, каб арганізаваць нешта падобнае да львоўскага свята ў нас у Менску?

Lvou_forum

На пытанні нашага ўкраінскага карэспандэнта Марціна Войны адказвае Сяргей Прылуцкі (на здымку), беларускі паэт-кіяўлянін, удзельнік апошняга кніжнага форума ў Львове.

Сяргей Прылуцкі: З кожным годам на Форуме ўсё большае і цікавых акцый, і цікавых аўтараў, і проста фізічна адсачыць усё гэта немагчыма!

РР: А якіх выдавецтваў на львоўскім Форуме было больш: прыватных ці дзяржаўных?

Сяргей Прылуцкі: Я адмыслова не адсочваў, якія выдавецтвы дзяржаўныя, а якія не, але ж, упэўнены, што недзяржаўных значна больш. Калі дзяржаўныя выдаўцы там і былі, то яны, упэўнены, складалі невялікі адсотак. Цікавая акалічнасць: на Форуме было вельмі багата дробных, так званых “нішавых” выдавецтваў, то бок тых, хто займаецца вузкаспецыяльнай літаратурай. Яны таксама абсалютна незалежныя ад дзяржавы. Магу яшчэ дадаць, што самыя папулярныя ўкраінскія выдавецтвы – “А-БА-БА-ГА-ЛА-МА-ГА” ці “Видавництво Старого Лева» — прыватныя. Усё гэта вельмі істотна розніцца ад таго, што адбываецца ў Беларусі, калі на ўсіх літаратурных кірмашах стэнды акупуюць дзяржаўныя выдавецтвы, а прыватным адводзіцца роля другасных гасцей. На Львоўскім форуме кожны мае роўныя правы. Так было і сёлета, і ва ўсе папярэднія гады.

РР: А цяпер – пра беларусаў на Форуме. Хто з нашых быў, што прэзентавалі, як выступалі…

Сяргей Прылуцкі: Сёлета ўпершыню за ўсю гісторыю Форумаў, як не памыляюся, быў адмысловы беларускі стэнд – выдавецтва “Кнігазбор” і часопіса “Архэ”. Была і Бібліятэка часопіса “Дзеяслоў”. Былі яшчэ чытанні маладых паэтаў Антона Рудака і Андрэя Адамовіча, якія трошкі прывезлі сваіх кнігі.

РР: І ты, і ўсе нашыя літаратары традыцыйна выступаюць выключна беларускай мовай. Ці ёсць нейкі моўны бар’ер, ці нейкія непаразуменні?

Сяргей Прылуцкі: Усе ўсё цудоўна разумеюць. Хіба што пасля чытання могуць удакладніць хіба што нейкія асобныя слоўцы. А так агульны змест выдатна зразумелы як і намі, так і ўкраінцамі – нас.

РР: А ўвогуле – ці цікавыя мы ўкраінцам?

Сяргей Прылуцкі: Цікаўнасць ёсць. Я не магу разважаць, у якой ступені яна вялікая ці маленькая. Але калі нашых аўтараў запрашаюць, калі ім арганізоўваюць творчыя вечарыны… Так што спадзяюся, што цікаўнасць гэтая не загасне.

РР: Як на твой капыл – ці можна арганізаваць некі аналаг Львоўскага кніжнага Форума ў Беларусі, а калі “так”, то што для гэтага трэба?

Сяргей Прылуцкі: Цяжка нават уявіць нешта падобнае ў нас! Я бачыў – што вельмі істотна і што вельмі адрозніваецца ад Беларусі! – як мясцовая паліцыя дапамагала і арганізатарам Форума, і наведвальнікам, і, вядома ж, літаратарам. Каб усім было максімальна камфортна! У Менску даўно б стаялі нейкія металашукальнікі, дэтэктары, металёвыя агароджы і гэтак далей. Да таго ж, выдавецкі бізнес ва Украіне – пераважна прыватны, як я казаў. То бок, трэба мяняць заканадаўства, каб нашыя незалежныя выдавецтвы маглі вольна дыхаць, а не быць загнанымі ў нейкія катакомбы.

Усяго ў Львове было прэзентавана каля пяці тысяч новых кніг. Сёлетні Форум стаў рэкордным і па колькасці размаітых літаратурных акцый, якіх адбылося больш за палўтары тысячы.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва Сяргея Прылуцкага