Заяўкі на адкрыты конкурс нацыянальнага і ігравога кіно прымаюцца да 23 сакавіка
Заяўкі на адкрыты конкурс нацыянальнага і ігравога кіно прымаюцца да 23 сакавіка, паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі.
Тэма нацыянальнага фільма – „Жыццё і творчасць Янкі Купалы”, у ігравой форме – „Прыгодніцкі фільм аб гісторыі Беларусі”. Па кожнай тэме запланавана стварэнне чатырохсерыйнага тэлефільма (працягласць серыі – не менш як 44 мінуты) і кінаверсіі (1 серыя, не менш як 90 мінут).
Удзельнічаць у творчым спаборніцтве могуць вытворцы (прадзюсары) або адзін з вытворцаў, якія адпавядаюць наступным патрабаванням: выканаўца павінен быць юрыдычнай асобай Рэспублікі Беларусь, пры гэтым атрымальнікам сродкаў з’яўляецца рэзідэнт Беларусі; работы і паслугі па стварэнні карціны ажыццяўляюцца рэзідэнтамі Беларусі на тэрыторыі краіны (за выключэннем выканання работ і аказання паслуг, якія ў рэспубліцы не выконваюцца або не аказваюцца, а таксама выпадкаў, калі фільм ствараецца сумесна з замежнымі вытворцамі); наяўнасць уласнага кваліфікаванага персаналу і вопыту работы ў галіне выпуску стужак у ігравой форме не менш як 5 гадоў; не менш за 70 працэнтаў здымачнай групы павінны складаць грамадзяне Беларусі, за выключэннем выпадкаў, калі вытворчасць сумесная з замежнымі спецыялістамі; наяўнасць уласных і (або) прыцягнутых кадравых і матэрыяльна-тэхнічных магчымасцей, неабходных для выканання дагавора на працягу ўсяго перыяду яго дзеяння.
Конкурсная прапанова павінна ўключаць літаратурны сцэнарый фільма, сінопсіс; разлік кошту; план камерцыйнай рэалізацыі карціны на працягу трох гадоў з моманту яго стварэння і іншыя дакументы. Матэрыялы падаюцца прэтэндэнтамі ў электронным выглядзе шляхам размяшчэння іх на афіцыйным сайце і накіроўваюцца на папяровым носьбіце ў Міністэрства культуры з паметкай „на конкурс”.
Падрабязнасці ўдзелу ў творчым спаборніцтве размешчаны на афіцыйным сайце ведамства.