Заявы на звальненне з Купалаўскага тэатра напісалі ўжо больш за 80 чалавек



 На раніцу 18 жніўня заявы на звальненне падало больш за 80 работнікаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Такім чынам калектыў тэатра выказаў салідарнасць са звольненым напярэдадні дырэктарам Паўлам Латушкам.

Адзін з супрацоўнікаў адміністрацыі тэатра паведаміў БелаПАН, што заявы напісалі большасць акцёраў трупы плюс тэхнічны персанал і іншыя супрацоўнікі. „Пакуль заявы прынялі не ва ўсіх”, — дадаў суразмоўца.

Раніцай 18 жніўня ў тэатр прыязджаў міністр культуры Юрый Бондар. У распараджэнні БелаПАН ёсць відэа фрагмента сустрэчы з ім работнікаў Купалаўскага.

Міністр заявіў, што „Купалаўскі тэатр — гэта не палітычны клуб”, і ён прыехаў абмеркаваць 101-шы тэатральны сезон, а не палітычныя пытанні. Ён не пагадзіўся з тым, што Латушку звольнілі па палітычных матывах, і выказаў занепакоенасць тым, „як тэатр пачне творчы сезон у такой атмасферы”. У адказ супрацоўнікі тэатра заявілі, што новага сезона не будзе, і параілі Бондару падаць у адстаўку.

Пасля ад’езду чыноўніка творчая група зладзіла нараду і прыняла рашэнне: усе, хто напісаў заяву, сёння працуюць апошні дзень. Пра гэта яны заявілі, выйшаўшы на ганак да галоўнага ўваходу будынка, дзе ўжо сабраліся неабыякавыя людзі. Асноўныя патрабаванні купалаўцаў — аднаўленне на пасадзе Паўла Латушкі і адстаўка Бондара.

На вуліцы работнікаў тэатра сустракалі больш за дзвесце грамадзян, якія прыйшлі падтрымаць творчы калектыў. У руках яны трымалі плакаты „Купалаўцы — вы гонар і сумленне Беларусі”, „Купалаўцы, мы з вамі”, „Мастацтва патрабуе свабоды” і іншыя.

Генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Латушка быў звольнены 17 жніўня. Ён лічыць, што яго звальненне звязанае непасрэдна з выказваннем грамадзянскай пазіцыі. Увечары 17 жніўня на сустрэчы з калектывам тэатра Латушка заявіў: „Сёння мне быў уручаны загад аб звальненні мяне з пасады генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Звальненне на падставе артыкула 259 Працоўнага кодэкса нашай краіны, які фактычна кажа пра тое, што звальненне можа адбыцца з ініцыятывы ўласніка нават без правіны. Ніякай правіны ў мяне няма, але мяне звальняюць”.

„Міністр сказаў, што гэта рашэнне ўрада, рашэнне ўзгодненае з прэм’ер-міністрам. Мне было рэкамендавана ўстрымацца ад выказванняў, бо ён лічыць, што было зроблена няправільна, што я выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю. Так што можна зразумець, што звальненне адбылося ў сувязі з тым, што ў мяне была свая пазіцыя і я выказаў яе публічна”, — дадаў Латушка.

14 жніўня Павел Латушка разам з калегамі па тэатры выйшаў на акцыю пратэсту каля Дома ўрада. Ён заявіў журналістам пра неабходнасць адстаўкі міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, які дапусціў брутальны разгон дэманстрантаў падчас паслявыбарных акцый пратэсту і здзекі з затрыманых у ізалятарах і міліцэйскіх участках. Латушка таксама заявіў аб грубых парушэннях падчас электаральнай кампаніі і прапанаваў дапамогу кандыдатам у прэзідэнты, якія лічаць выбары сфальсіфікаванымі і жадаюць іх аспрэчыць.

belapan.by

Фота Таццяны Нядбай