Збіральніку беларускага жэмчугу – 170 гадоў
Беларускаму і польскаму фалькларысту, этнографу, археолагу, краязнаўцу і калекцыянеру Міхалу Федароўскаму (1853-1923) 1 верасня споўнілася 170 гадоў з дня нараджэння.
У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі 6 верасня адбудзецца навукова-практычны семінар, прысвечаны юбілею Міхала Федароўскага. Семінар будзе праводзіцца сумесна з Нацыянальнай Акадэміяй Навук Беларусі.
Найвялікшай заслугай Міхала Федароўскага з’яўляецца шматтомная праца “Люд беларускі” у 8 тамах. Гэта сапраўдная скарбніца духоўнай творчасці беларускага народа, у якой сабраны і апублікаваны тысячы песень і казак, вераванняў і забабонаў, прыказак і загадак, паданняў, легенд, анекдотаў, прыпевак, што стварала творчая фантазія нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Таму нездарма вялікі беларускі паэт Уладзімір Дубоўка назваў Федароўскага збіральнікам жэмчугу.
-
На фота: Праца Міхала Федароўскага ў перакладзе Янкі Саламевіча, 1991 г.
У 1877 годзе Міхал Федароўскі выехаў у Заходнюю Беларусь. На працягу 17 гадоў ад Беласточчыны да Случчыны ён паглыблена даследаваў духоўную і матэрыяльную культуру беларускага народа, збіраў этнаграфічныя матэрыялы, экспанаты, кнігі, гістарычныя дакументы, творы жывапісу і графікі, раскопваў курганы, старажытныя паселішчы, могільнікі, накопліваў матэрыял да археалагічнай карты дагістарычнай Беларусі і г.д. Сабраў больш за 5000 беларускіх песень каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў, запісаў больш за 10 тысяч прыказак, больш за 500 загадак, сотні чарадзейных, сацыянальна-бытавых, сатырычных і іншых казак, легенд, паданняў, анекдотаў, жартаў, гумарэсак, народных павер’яў, забабонаў, прымхаў, парад па народнай медыцыне і г.д. Шмат этнаграфічных запісаў, археалагічных экспанатаў дасылаў Зігмунту Глогеру ў яго маёнтак Яжэва на Беласточчыне, дарыў навуковым установам.
У 1904 годзе Міхал Федароўскі назаўсёды вяртаецца ў Варшаву. Пераехаўшы ў Варшаву, Міхал Федароўскі пачаў апрацоўваць сабраныя на Беларусі прыказкі. Потым заняўся класіфікацыяй, апрацоўкай і падрыхтоўкай да друку вялікага збору беларускіх народных песень.
Жывучы стала ў Варшаве, Міхал Федароўскі па-ранейшаму не забываў Беларусь. Ён працягваў і ў Варшаве збіраць беларускія матэрыялы, просіць знаёмых дасылаць яму ўсё беларускае. Напрыклад, у лісце да Цэцыліі Снягоцкай у Львоў, у 1908 годзе Федароўскі просіць дасылаць яму кніжачкі. якія тычацца Русі Літоўскай.
Напачатку 1920-х гадах ён стаў хварэць. А 10 чэрвеня 1923 года Міхала Федароўскага не стала. Яго пахавалі на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве. На надмагільнай пліце сябры Варшаўскага навуковага таварыства напісалі: “Міхал Федароўскі, этнограф, аўтар “Люду беларускага”. 1853-1923”.
Беларускае Радыё Рацыя