Збіраюцца сродкі на выданне кнігі „100 манет ВКЛ”
Imago.by з Дзмітрыем Гулецкім і Мікалаем Дарашкевічам рыхтуюць да выдання вялікі альбом пад назвай „100 манет Вялікага Княства Літоўскага”. Для таго, каб гэта кніга выйшла ў свет, быў запушчаны краўдфандынгавы збор сродкаў на ulej.by.
Пра краўдфандынгавую кампанію распавядае яе ініцыятарка Валянціна Андрэева:
– Альбом „100 манет Вялікага Княства Літоўскага” быў складзены Дзмітрыем Гулецкім і Мікалаем Дарашкевічам – гэта вядомыя ў Беларусі даследнікі нумізматыкі. Дзмітрый Гулецкі вельмі плённа працуе на ніве даследавання нумізматыкі і з’яўляецца прызнаным аўтарытэтам не толькі ў Беларусі, але і ў Літве, Расеі і ва Украіне. Дастаткова сказаць, што расейскія выдавецтвы запрашалі менавіта нашага аўтара Дзмітрыя Гулецкага, каб ён напісаў для іх кнігі „100 манет Расеі” і „100 самых вядомых манет свету”.
На яе думку, такое шыкоўнае беларускамоўнае выданне рыхтуецца да друку ўпершыню:
– Зрабілі стаўку на тое, што выданне мусіць быць папулярным таму, што яно прысвечана гісторыі, яно будзе вельмі багата ілюстравана старадаўняй графікай. Праект па выданні гэтай кнігі робіцца аўтарам супольна са студыяй Imago.by – Старадаўнія карты і гравюры. У кнізе будзе вельмі шмат цікавай, адмысловай, старадаўняй графікі. Мы паставілі невялікі кошт для кнігі такога ўзроўню паліграфіі з разлікам, каб шмат людзей маглі яе замовіць.
На пляцоўцы, дзе можна замовіць кнігу, таксама можна стаць яе спонсарам. Імя фундатара будзе занатавана на старонках выдання, для чаго трэба выдаткаваць мінімум 1500 рублёў.
Аўтар кнігі Дзмітрый Гулецкі.
Беларускае Радыё Рацыя