Збор сродкаў на выданне ўспамінаў беларускага андэрсаўца
У інтэрнэце працягваецца збор сродкаў на выданне мемуараў жаўнера Другога польскага корпуса з Беларусі Паўла Нічыпарука „Адысея палешука”.
Ахвяраваць на выданне мемуараў можна перайшоўшы па спасылцы на краўдфандынгавую платформу ulej.by, дзе трэба націснуць на чырвоны банер з надпісам “Падтрымаць”, а далей выбраць суму.
Безумоўна, кожны з нас чытаў раман-эпапею Міхаіла Аляксандравіча Шолахава “Ціхі Дон”. Трагедыя Рыгора Мелехава не пакінула абыякавым ніводнага чалавека, які азнаёміўся з гэтай кнігай. Аднак такіх твораў можна было б напісаць тысячы, калі б кожны, хто перажыў выпрабаванні ХХ стагоддзя, пазней апісаў іх у якасці мемуараў. Беларус Павал Каленікавіч Нічыпарук такія ўспаміны пакінуў, і яго жыццё — лепшая ілюстрацыя таго, праз якія цяжкія выпрабаванні давялося прайсці жыхарам Беларусі падчас Другой сусветнай вайны.
Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ў 1989 г. з рукапісам успамінаў гэтага чалавека азнаёміўся знакаміты беларускі пісьменнік, удзельнік Другой сусветнай вайны Васіль Быкаў. “Я прачытаў Вашыя мемуары. Несумненна, яны заслугоўваюць увагі. Трэба іх выдаць. Дзеля гэтага Вам трэба звярнуцца ў выдавецтва ў Мінску ці ў Маскве (напрыклад, у выдавецтва “Беларусь”), якое выдае падобнага кшталту літаратуру, і прадставіць туды два экзэмпляры рукапісу. Справа гэтая працяглая, таму трэба пачынаць не губляючы часу. Жадаю Вам поспехаў! На днях я з’язджаю з Мінска на месяц, таму Ваш рукапіс Вы можаце атрымаць у Доме літаратара (вуліца Фрунзэ, дом 5) у сакратаршы Ніла Гілевіча (3 паверх). З прывітаннем В. Быкаў. 13.09.1989”, — пісаў Васіль Уладзіміравіч сваяку Нічыпарука. Аднак тады мемуары беларуса так і не ўбачылі свет. Доўгія дзесяцігоддзі яны ляжалі і чакалі свайго даследчыка.
Павал Каленікавіч Нічыпарук нарадзіўся ў жніўні 1902 г. на хутары Жардзечна каля вёскі Запруды (зараз Кобрынскі раён Берасцейскай вобласці). У лютым 1941 г. яго арыштавалі і накіравалі ў лагер ГУЛАГу ў Свярдлоўскай вобласці. У 1942 г. беларус аказаўся ў Арміі Андэрса і ў яе складзе ўдзельнічаў у баях з нацыстамі ў Італіі. У 1948 г. Нічыпарук паехаў у ЗША, дзе і пражыў да самай смерці ў 1979 г. У нататках Паўла Каленікавіча, надрукаваных на машынцы на маленькіх, “амерыканскіх” аркушах паперы, ёсць усё: цяжкая сялянская праца, нечалавечыя ўмовы савецкіх турмаў і ГУЛАГу, фронт і баі з нацыстамі, расстанне з сям’ёй і жыццё ў эміграцыі. А яшчэ — вялікая настальгія па роднай Беларусі. Лёс Нічыпарука тыповы для шматлікіх беларускіх андэрсаўцаў. Нехта пасля вайны вяртаўся ў БССР, і ў 1951 г. савецкія ўлады дэпартавалі іх у Іркуцкую вобласць. Іншыя вырашалі застацца “на Захадзе”. Пра гераізм беларускіх жаўнераў Другога польскага корпуса, якія мужна змагаліся супраць гітлераўскіх войскаў на Заходнім фронце, на іх Радзіме, на доўгі час забыліся. І толькі зараз, калі тых ветэранаў Другой сусветнай ужо няма з намі, праўда пра іх жыццё і выпрабаванні, праз якія яны прайшлі, становіцца здабыткам беларускай грамадскасці.