Зборнік міфаў, легендаў і паданняў пра Менск прэзентуюць 27 лютага



Новую кнігу вядомага менскага краязнаўца Уладзіміра Валажынскага «Мінск у легендах, міфах і паданнях» прэзентуюць у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага 27 лютага. Аб гэтым  паведамілі ў галерэі.

Каля сямі гадоў карпатлівай, але захапляльнай работы пайшло ва Уладзіміра Валажынскага на падрыхтоўку міфаў, легенд і паданняў пра Менск і яго ваколіцы. Цягай да пазнання невядомага, малавывучанага, цікаўнасцю, жаданнем дакрануцца да таямніц гісторыі, дакапацца да ісціны, схаванай у скупых словах летапісаў і нешматлікіх дакументах, якія дайшлі да нас, прадыктавана цікавасць аўтара да вывучэння гарадскога фальклору.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў. У першым прыведзены легенды, міфы, паданні, што адносяцца да перыяду ад узнікнення горада і да пачатку ХХ стагоддзя, у другім – легенды, што з’явіліся ў савецкі перыяд. Трэці раздзел тапанімічны. У чацвёртым знайшоў адлюстраванне сучасны гарадскі фальклор, звязаны з тапанімікай, – тое, што нараджаецца на нашых вачах, абрастае падрабязнасцямі, удакладненнямі і ў такім абноўленым выглядзе, ужо ў якасці новых легенд, перадаецца нашчадкам.

У праграме прэзентацыі – творчая сустрэча з аўтарам, містычная аўтограф-сесія і розыгрыш першай кнігі.

БелТА