ЗБС „Бацькаўшчына” заклікае беларусаў дапамагчы уратаваць ад ліквідацыі
ЗБС „Бацькаўшчына” звярнулася да беларусаў з просьбай дапамагчы уратаваць арганізацыю ад поўнага знішчэння. Тэкст звароту:
Дарагія сябры!
Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь на позву Міністэрства юстыцыі ўзбуджана грамадзянская справа аб ліквідацыі Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына” – арганізацыі, што цягам 30 гадоў лучыла арганізацыі беларускай дыяспары з Радзімай.
Больш за тое, „Бацькаўшчыну” зрабілі фігурантам крымінальнай справы па артыкуле 361, ч. 3 КК РБ: „Заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы РБ праз інтэрнэт”. Ні больш, ні менш.
Мы ведаем, што вы сочыце за тымі драматычнымі падзеямі, што зараз адбываюцца на Радзіме, і навіна пра магчымую ліквідацыю і крымінальную справу супраць Згуртавання не абмінула вашае ўвагі. Мы атрымліваем ад вас, без перабольшвання, залатыя для нас лісты, у якіх вы з цеплынёй і шчырай занепакоенасцю запытваеце, чым дапамагчы.
Зважаючы на колькасць адным узмахам зліквідаваных грамадскіх арганізацый, якія дзесяцігоддзямі абаранялі інтарэсы і правы грамадзян у розных сферах, мы ацэньваем шанцы нашага з вамі Згуртавання без аптымізму. Тым не меней, суд – гэта працэс, дзе маюць значэнне сведчанні людзей і арганізацый.
Разам з вамі мы не раз ядналі намаганні ў адстойванні правоў асяродкаў беларускага замежжа, а асабліва гучна беларуская салідарнасць заявіла пра сябе цягам апошняга году.
Таму заклікаем вас, нашых сяброў і партнёраў, тых, хто браў удзел у нашых з’ездах, у нашых культурніцкіх праграмах, засведчыць нашым дзяржаўным установам, чым для вас ёсць Згуртаванне “Бацькаўшчына”, узнавіць у памяці найважнейшыя моманты нашай з вамі супрацы, выказаць думкі пра важнасць арганізацыі, пра тое, што вы лічыце значным і вартым у дзейнасці Згуртавання. І давесці гэта да Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, да Следчага камітэта і да Вярхоўнага суда.
Прыкладны ліст і спіс адрасоў дадаем да нашага звароту.
Не адчайваемся! Змагаемся за нашыя правы! Будзьма разам!
Беларускае Радыё Рацыя