Здраднік выдаў паплечніка Кастуся Каліноўскага
У XIX стагоддзі сярод беларусаў, як і сёння, былі здраднікі. Адзін з іх — стараста Мацвей Макарэвіч, магіла якога знаходзіцца на могілках недалёка ад царквы ў вёсцы Азярніца Слонімскага раёна.
Магіла здрадніка Макарэвіча каля Азярніцкай царквы
Макарэвіч выдаў царскім войскам некаторых паўстанцаў 1863 года, у тым ліку аднаго з кіраўнікоў паўстання на Гарадзеншчыне — Карла Масальскага, які ваяваў у атрадзе Ісідара Лукашэвіча. Карл Ксаверавіч Масальскі быў родным дзядзькам па маці заснавальніка Слонімскага краязнаўчага музея Язэпа Стаброўскага.
Сельскі стараста вёскі Азярніца Слонімскага павета Макарэвіч выдаў Карла Масальскага, Уладзіміра Зельміца і Людвіга Ёча (Йоча) царскім карнікам. Першых двух хутка расстралялі, а Карла Масальскага прывезлі ў Слонім. Закутага ў кайданы яго пасадзілі ў драўляную клетку, паставілі яе на воз і вазілі напаказ па ўсім горадзе. Наперадзе ішоў атрад узброеных салдат пад камандай воінскага начальніка. Барабаншчыкі білі ў барабаны. Жыхары Слоніма з жахам глядзелі на гэтае відовішча. Нарэшце, Карла Масальскага правезлі па Студэнцкай вуліцы, павярнулі на Маставую вуліцу (цяпер яна носіць імя Янкі Купалы) і спыніліся каля моста праз раку Шчару.
На балоце стаяў закопаны слуп, да якога падвялі Карла Масальскага. Яго хацелі прывязаць да слупа і завязаць вочы, але ён адмовіўся.
Салдаты выстраіліся і па камандзе начальніка ўзялі вінтоўкі і трымалі іх напагатове. Масальскі глядзеў проста на салдат. Начальнік выцягнуў шаблю з ножнаў і падаў каманду:
—Рота, плі!
Салдаты не стралялі. Іх бянтэжыў і палохаў позірк паўстанца. Раз’юшаны начальнік закрычаў:
—Сволачы, страляйце! А не дык вас саміх пастраляю!
Салдаты выстралілі амаль усе ўверх. Толькі адна куля трапіла ў Масальскага, аднак ён не здрыгануўся, стаяў з горда ўзнятай галавой. Падняўшы руку Карл Масальскі крыкнуў:
—Няхай жыве свабода!
Па камандзе начальніка зноў грымнуў залп. І на гэты раз Масальскі не ўпаў.
Уражаны начальнік спытаў:
—Масальскі, ты жывы?
—Жывы!
Новы ўзмах шаблі начальніка, новая каманда, новы залп. Нарэшце акрываўлены Карл Масальскі апусціўся на зямлю.
Жаўнеры доўга не падыходзілі да паўстанца, баяліся. А потым, калі начальнік пачаў на іх крычаць, героя вывезлі і закапалі невядома дзе.
Так у 1863 годзе ў Слоніме загінуў паўстанец 1863 года Карл Ксаверавіч Масальскі, які змагаўся за волю нашага народа, супраць царскага самадзяржаўя.
Пра тое, як загінуў Карл Масальскі, Язэпу Стаброўскаму расказвала яго маці. А ён, калі працаваў у Слонімскім краязнаўчым музеі, распавядаў усім, хто пытаўся пра паўстанне 1863 года.
Прайшло няшмат часу пасля паўстання, але былыя паўстанцы аднойчы падпільнавалі Макарэвіча і забілі яго, гэтым самым адпомсціўшы яму за Карла Масальскага і іншых паўстанцаў, якіх ён выдаў. Гарадзенскі генерал-губернатар за тое, што Макарэвіч выдаў паўстанцаў, “узнагародзіў” яго пасмяротна: загадаў пахаваць Макарэвіча каля самай царквы ў вёсцы Азярніца і ўсталяваць надмагільны помнік. Загад губернатара выканалі. На помніку прымацавалі дзве шыльды. На адной шыльдзе напісалі: “Замученный польскими мятежниками”, а на другой змясцілі такі тэкст: “Памятник сей сооружён в 1869 г. в назидание потомству по инициативе и на средства Его Высокопревосходительства г.Виленского, Ковенского и Гродненского генерал-губернатора И.С. Каханова при материальном содействии крестьян Чемерской волости”.
Царква ў вёсцы Азярніца, 1930-я гады
У 1930-х гадах шыльду з тэкстам “Замученный польскими мятежниками” людзі сарвалі і выкінулі. Да нашых дзён у Азярніцы каля Свята-Мікалаеўскай царквы збераглася магіла здрадніка Макарэвіча і адзін надпіс на помніку. Але гісторыкаў і вяскоўцаў магіла Макарэвіча сёння зусім не цікавіць. А вось дзе закапалі цела Карла Масальскага – невядома. Ды і здымка яго не збераглося.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя