Землякі рыхтуюцца да юбілею Кузьмы Чорнага



У вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёна прайшло дзяцінства і юнацтва найвыдатнейшага беларускага пісьменніка Кузьмы Чорнага (1900-1944), 120-годдзе якога будзе адзначацца 24 чэрвеня.  У Цімкавічах даўно адкрыты і плённа працуе Літаратурны музей Кузьмы Чорнага.

На фота: Кузьма Чорны з дачкой Рагнедай, 1938 год.

Музей з’яўляецца культурна-асветніцкім цэнтрам. Тут праводзяцца музейна-педагагічныя заняткі ў рамках праграмы “Ганарыся сваім земляком і ведай пра яго”, “Наша спадчына”, “Музей і дзеці”, сустрэчы з пісьменнікамі, акцыі з работнікамі МНС, ДАІ, чыгункі, настаяцелем царквы Мікалая Цудатворцы, вечарыны, выставы беларускіх пісьменнікаў, музейныя святы і г.д.

На фота: Музей Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах

Для папулярызацыі твораў Кузьмы Чорнага для дарослых і вучняў старэйшых класаў з 1997 года пры музеі працуе студыя аматараў тэатра “Іскрынка”. Яе ўдзельнікамі пастаўлены інсцэніраваныя апавяданні Кузьмы Чорнага “Маё дзела цялячае”, “Родныя мясціны”, артыкул “У роднай глушы”, п’еса “Базылевічава сям’я”, аповесць “Насцечка” і іншыя.

Да юбілею Кузьмы Чорнага музей у Цімкавічах распачаў праект “Землякі пра Кузьму Чорнага”. Наладжана віртуальна-літаратурнае знаёмства “Сцежкамі Кузьмы Чорнага” у рамках праекта “Кніга. Пэндзлік. Аловак”.  У будынку музея адкрылася выстава юных мастакоў Капыльшчыны. Таксама запланаваны сустрэчы з пісьменнікамі і творчы юбілейны вечар.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Капыльскі раён