Землякі віншуюць Леанарду Юргілевіч



Жыхары Дзятлаўшчыны ў гэтыя дні шчыра віншуюць сваю зямлячку Леанарду Юргілевіч з прыняццем яе ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Гэта першая афіцыйная і адзіная пісьменніца, якая жыве на Дзятлаўшчыне.

Нарадзілася Леанарда Юргілевіч у вёсцы Рагалёўшчына Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Рана засталася сіратою. Спачатку вучылася ў Іўеўскай, а пасля ў Свіслацкай школах-інтэрнатах. Шмат гадоў адпрацавала ў Дзятлаўскай раённай газеце. А цяпер плённа піша і публікуецца ў “Газеце Слонімскай” і ў “Народнай волі”. Акрамя розных інфармацый і рэпартажаў, Леанарда Юргілевіч актыўна спрабуе свае сілы ў чыста пісьменніцкай справе. Яна піша гумарэскі, фельетоны і апавяданні. im9999

У 2000 годзе ў серыі “Бібліятэка “Вожыка” пабачыла свет яе першая кніга гумарэсак “Грэшная душа”. Глыбокае веданне вясковага, местачковага побыту, талент высвеціць істотнае, важнае, цікавае, смешнае ў псіхалогіі і паводзінах сваіх герояў, сакавітая самабытная мова робіць творы Леанарды Юргілевіч сапраўднымі літаратурнымі жамчужынкамі.

Некалькі разоў аўтарка станавілася лаўрэатам часопіса “Вожык”. Была ўдзельніцай Усебеларускага фестывалю сатыры і гумару “Аўцюкі-2000”, дзе атрымала дыплом “За развіццё традыцый беларускага гумару”.

У 2003 годзе з друку выходзіць новая кніга прозы Леанарды Юргілевіч “Восеньскае танга”. Гэту кнігу склалі апавяданні аўтаркі, сюжэты якіх узяты з жыцця тых людзей, што жывуць побач. У тужлівых і простых здавалася па сюжэту апавяданнях, аўтарка распавядала пра нялёгкі чалавечы лёс. У многіх з іх бачыцца сама аўтарка з яе перажываннямі і радасцямі.

У 2002 годзе Леанарда Юргілевіч была ўганараваная спецыяльным дыпломам і прэміяй амерыканскай кампаніі “Філіп Морыс” за перамогу ў конкурсе для журналістаў, якія пішуць на сацыяльную тэматыку. Менавіта гэта тэма скразною лініяй праходзіць праз усе жыццёвыя гісторыі пісьменніцы. А іх напісана яшчэ вельмі шмат, якія шчыра просяцца пад адну вокладку.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава

Фота lit-bel.org