З’езд настаўнікаў у Пінску: вострыя спрэчкі пра лёс Палесся



З нагоды Дня настаўніка, якое ў Беларусі штогод адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка, прыгадалася гісторыя ўкраінамоўнага пісьменніка з Піншчыны Фёдара Одрача. У сваёй кнізе “На непевному грунті” ён узгадаў, як давялося напачатку 1940 года ўзяць удзел у З’ездзе настаўнікаў тагачаснай Пінскай вобласці (існавала ў 1940-1954 гадах). Падрабязана распавёў, як спрачаліся настаўнікі пра Палессе – ці то яно ўкраінскае ці то беларускае. Занатаваў дыскусіі пра моўнае пытанне ў школах.

Фёдар Одрач (1912-1964) нарадзіўся ў Мясяцічах, што ў 25 кіламетрах на поўдзень ад Пінска. Сакавіта апісаў падзеі 1939-44 гадоў, пісаў толькі пра тое, што добра ведаў і бачыў на ўласныя вочы. Гэта хроніка прыходу бальшавікоў у Вільню (гл.: Цягніком з Вільні ў Пінск), усталяванне саветаў на Палессі (гл.: Знакі вайны на Палессі) ды канечне, куды без захапляльнай прыроды палескага краю, цікавых аповядаў мінуўшчыны (гл.: Цуд на Палессі. Дзясятуха). Одрач пісаў па-ўкраінску і ўсе ягоныя кнігі пабачылі свет у Канадзе, куды ён з’ехаў у выніку Другой Сусветнай вайны. Чаму ўкраінская мова? Няма нічога дзіўнага для Піншчыны ды і ўсяго Палесся, якое мае ўнікальны моўны, культурны склад. Тут вам і беларускае, і польскае, і габрэйскае, і адпаведна ўкраінскае. Такі лёс “краіны багнаў”, тым яна прыцягвае да сябе і адметная ад іншых куточкаў Беларусі.

Фёдар Одрач (1912-1964)

Якім чынам Одрач апынуўся на з’ездзе?

У 1939 годзе Фёдар Шаламіцкі (Одрач – псеўданім) скончыў Віленскі ўніверсітэт. Ён меў намер затрымацца ў Літве, але пачатак Другой Сусветнай вайны змяніў планы. Калі бальшавікі ўвайшлі ў Вільню, то наш герой акурат паспеў ускочыць у цягнік на Лунінец. Так у кастрычніку 39-га Одрач трапіў у родныя мясціны, дзе стаў настаўнічаць. Таму ўдзел у мерапрыемстве натуральны.

Скажам крыху і пра сам з’езд. Ён трываў напрацягу трох дзён – адзін дзень, як канферэнцыя настаўнікаў, а два, як семінары для спецыялістаў. Зладзілі яго ў будынку Пінскага абласнога драматычнага тэатра, дарэчы, і ў нашыя дні тут месціцца тэатр – Палескі. Вядучым, самым галоўным чалавекам на сходзе, стаў адпаведна кіраўнік Пінскага абласнога Аддзела адукацыі таварыш Ганчароў. Усяго прэзідыум складаўся з прадстаўніка Наркамата адукацыі БССР, сакратара Пінскага абкама КП(б)Б ды трох настаўнікаў-актывістаў. Пасля з’езду большасць выкладчыкаў, асабліва маладых, прайшлі двухтыднёвыя курсы. На іх звяртаць увагу не варта, адзінае, што складаліся яны з лекцый па беларускай і расейскай мовах, гісторыі СССР і партыі бальшавікоў. Шмат чаго занатаваў Одрач з мерапрыемства, часткова разбярэм, але станоўчае ўражанне ў маладога настаўніка засталося ад таго, што вельмі добрае было харчаванне. Для таго часу важная заўвага.

Здымак іюстрацыйны. Сход настаўнікаў.

Палессе паміж Беларуссю і Украінай

Перад тым, як перайсці непасрэдна да слоў пісьменніка, трэба крыху прыгадаць гісторыі, каб быць у кантэксце, бо можа скласціся ўражанне, што Одрач сепаратыст.

У верасні 1939 года Чырвоная Армія заняла Заходнюю Беларусь і Украіну, якія з 1921 года знаходзіліся ў складзе Польскай дзяржавы. Для таго, каб на заканадаўчым узроўні замацаваць далучэнне Заходняй Беларусі да БССР і, адпаведна, Заходняй Украіны да УССР, у Крамлі вырашылі правесці Народныя Сходы ў Львове і ў Беластоку. Як вядома, у 1939 – 1944 гадах Беласток з’язляўся абласным горадам Савецкай Беларусі.

Дэманстрацыя за савецкую ўладу

Акрамя выбару дэпутатаў на Сход, паўстаў значна складнейшы выбар, які рэальна меў лёсавызначальны характар. Жыць у БССР ці УССР. З сяла ў сяло хадзілі агітатары “за Беларусь” і “за Украіну”. Палешукі нават арганізоўвалі дэлегацыі ў Маскву і Кіеў, каб выказацца на самых вярхах за жаданне жыць ва Украіне, а іншыя, наадварот, агітавалі жыць у Беларусі. Народныя Сходы Украіны і Беларусі адбыліся напрыканцы кастрычніка. Удзельнікі прынялі рашэнні аб ўваходжанні ў СССР, гэтыя ж межы існуюць і цяпер.

Ёсць яшчэ цікавыя моманты па гэтым пытанні. Першы сакратар Кампартыі Беларусі Панцеляймон Панамарэнка і першы сакратар Кампартыі Украіны Мікіта Хрушчоў вялі барацьбу за Палессе. Хрушчоў патрабаваў, што Берасце, Кобрын, Драгічын, Пінск і Лунінец павінны ўвайсці ў склад Украіны. Сталін выклікаў да сябе абодвух. Яшчэ ў прыёмнай паміж першымі асобамі УССР і БССР разгаралася бурная палеміка. Па ўспамінах Панамарэнка, Хрушчоў вельмі эмацыйна даводзіў неабходнасць уваходжання вышэйзгаданай тэрыторыі ў Савецкую Украіну. Усе контраргументы, якія выказваў кіраўнік БССР, Хрушчоў назваў глупствам. Тым не менш Сталін прыняў рашэнне на карысць Беларусі.

Чаму правадыр СССР не падтрымаў украінскіх таварышаў? Той жа Панамарэнка адзначаў, што “гаспадар Крамля” нагадаў Хрушчову, што ў яго і так разгул нацыяналізму, актыўная ўкраінская эміграцыя, а тут маўляў новыя тэрыторыі. Калі верыць Хрушчову, то Панамарэнка пашанцавала толькі з-за таго, што той быў любімчыкам Сталіна і нават ягоным патэнцыйным пераемнікам. Верагодна, Сталіну было ўсё роўна і яго наўпрост задавальнялі межы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. І яшчэ. Варта сказаць, што дзеячы ўкраінскага нацыянальна-вызвольнага руху напачатку ХХ стагоддзя мелі свае погляды на беларускую частку Палесся. У тым жа 1917 годзе аб’явілі гэтыя тэрыторыі землямі Украінскай Народнай Рэспублікі, а калі праз паўгады паўстала Беларуская Народная Рэспубліка, то спрабавалі знайсці кампраміс, але пры гэтым актыўна фармавалі свае дзяржаўныя і грамадскія інстытуцыі на Палессі. У 1941 годзе ўзгаданыя тэрыторыі нацысты ўключылі ў райхскамісарыят “Украіна”. Таму на ўсім Палессі вельмі актыўнічала Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і яе баявое крыло Украінская паўстанцкая армія (гл.: Паляванне чэкістаў на палескага „Ваўка”).

Галасаванне за дэлегатаў на Народны Сход

Одрач пра дыскусіі настаўнікаў

(…) Я асабіста радаваўся гэтай канферэнцыі, таму што яна давала магчымасць сустрэцца з настаўнікамі ўсяго Палесся. Мяне ў прыватнасці цікавілі настаўнікі з Іванаўшчыны і Драгічыншчыны. Гэтыя тэрыторыі былі нацыянальна свядомыя і мне ўжо было вядома, што насельніцтва гэтых раёнаў патрабавала далучыць іх землі да Савецкай Украіны. Піншчына ў гэтым плане крыху адставала, хоць і тут насельніцтва ніяк не хацела пагадзіцца, што іх далучылі да Беларусі.

Худзенькі чалавечак, у баваўняным касцюме, прадстаўнік улады з Менска, выступаючы на ​​трыбуне… звяртаўся да прысутных па-беларуску. Сэнс яго прамовы, гэта шаблонная песенька пра „шчаслівае” жыццё ў СССР, аб бязмежнай радасці вызваленых братоў-беларусаў Пінскай вобласці. Пастаяннае падкрэсліванне выступоўцы аб беларускасці Пінска рэзка супярэчыла з пачуццямі дэлегатаў канферэнцыі. Калі пасля прамовы прадстаўніка з Менска разгарэлася дыскусія, аказалася, што меркаванні ўдзельнікаў канферэнцыі былі падзеленыя. Настаўнікі мяшчане з Пінска і іншых гарадоў і мястэчкаў Палесся, разам з габрэямі шумна дамагаліся для вобласці маскоўскіх школ, невялікая група настаўнікаў сялян і галічанаў рашуча пераконвала ўсіх, што Пінская вобласць, гэта ўкраінская зямля і на карысць насельніцтва гэтай вобласці трэба ствараць украінскія школы. Група палякаў, у асноўным стрымлівалася і не падавала голасу, аднак і з іх асяроддзя некаторыя адважыліся заступіцца за ўкраінскія школы. Падзел думак стварыў на канферэнцыі нейкую абсурдную атмасферу.

Канферэнцыя праходзіла нібы „беларускіх” педагогаў, афіцыйныя мова прадстаўніка Наркамата адукацыі з Менска таксама па-беларуску, транспаранты на сцэнах былі развешаныя таксама на беларускай і маскоўскай мовах. Усё задуманае мерапрыемства было ў духу Савецкай беларускасці, а ў той момант прадстаўнікі мясцовага насельніцтва адмаўляліся ад беларускіх школ. Нейкая удзельніца дыскусіі, габрэйка, жудасна картавячы, пачала крычаць з трыбуны на дрэннай маскоўскім мове. Яна спрабавала патрапіць у тон прадстаўніка Наркамата адукацыі і патрабавала беларускіх школ. Яе аніхто ня падтрымаў апладысментамі. Задума арганізатараў канферэнцыі разышлася з іх надзеямі. Без усялякіх сумневаў было відаць, хто сапраўдны прадстаўнік палешукоў, гэтя тыя, якія паходзілі з гушчы мясцовага насельніцтва, настаўнікі-сяляне; яны актыўна аргументавалі свае прэтэнзіі і цяжкая было з імі дыскутаваць; іншая група, гэтя даўно адарваныя ад шырокіх мас сялянства, ўскаламучаная і русіфікаваныя мяшчане разам з габрэямі, якія, як я ўжо падкрэсліваў, радасна служылі новай уладзе. Смешна было б дапусьціць думку, каб назваць гэтую групу прадстаўнікамі палескага насельніцтва, – пераклад з кнігі “На непевному грунті”.

Кнігі „палескага летапісца”

Одрач пра моўнае пытанне ў школах Палесся

(…) Таксама цікава, што не знайшлося на канферэнцыі ніводнага беларуса-палешука, які адстойваў бы беларускасць Пінскай вобласці. Іх проста не было, таму што і не магло быць, калі няма беларусаў на Піншчыне. Вялікае значэнне для ўкраінцаў мела гэтая канферэнцыя, таму што яна паказала ўсю фікцыю і ілжывасць бальшавіцкай палітыкі на Палессі. Гэты фатальны правал прымусіў прадстаўніка з Менска абараняць свае пазіцыі, але яго аргументы не мелі пераканаўчай сілы. Тады ўзяў голас Ганчароў і заявіў, што гэтую справу разгледзіць Вярхоўны Савет СССР і, напэўна, зробіць так, каб задаволіць вызваленых братоў Пінскай вобласці. Пакуль па пінскіх вёсках будуць працаваць беларускія школы. Гэта таксама быў знак, што далей дыскутаваць бязмэтна і абмеркаванне прамовы прадстаўніка Наркамата адукацыі БССР вычарпана.

Затым казалі розныя мясцовыя начальнікі на чале з сакратаром Абкама партыі. І гэтыя прамовы ўжо не падлягалі дыскусіі. Здавалася, што на гэтым скончацца непрыемныя для арганізатараў, украінскія пытанні. Але нечакана яны праявілі сябе ў творчай частцы канферэнцыі. На сцэне з’явілася нейкая маладая настаўніца і заспявала „З-за гор і з-за высокіх” … Рыльскага. Хто была гэтая салістка, усё яшчэ не ведаю, чаму ёй дазволілі спяваць оду Сталіну на ўкраінскай мове, а не на маскоўскай … так як гэта было ўслаўленне „мудрага”, прэзідыум першы пачаў апладзіраваць салістцы, а за ёй і ўсе прысутныя.

Затым выступіў на сцэне нейкі юнак і пачаў дэкламаваць вершы Сасюры. Гэта быў мясцовы камуніст, якога вызваліла Чырвоная Армія з Бярозы-Картузскай. Яму таксама першым пачаў апладзіраваць прэзідыум. Было цікава паглядаць на прадстаўніка Наркамата адукацыі БССР, які таксама апладзіраваў украінскім выступоўцам.

Вядома, гэтыя ўкраінскія „праявы” былі толькі сваёй формай украінскімі; сэнс іх быў чыста савецкі. Аднак важна тут жывучасьць украінскай стыхіі, праявіла сябе нават у такіх неспрыяльных абставінах … Для многіх удзельнікаў канферэнцыі гэта быў таксама доказ, што Палессе імкнецца належаць да Украіны і не згаджаецца яно на гвалтоўнае далучэнне да Беларусі.

Хто ведае, можа гэтая канферэнцыя ў некаторай меры паўплывала на тое, што потым, у сёлах паўднёвай Берасцейшчыны і Кобрыншчыны, стварылі нямала ўкраінскіх школ, а насельніцтву дазволілі ў пашпартах адзначаць сваю нацыянальную прыналежнасць як украінец. І гэтыя саступкі Масквы на Палессі, толькі кропля ў моры. Сваю генеральную лінію яна праводзіла і праводзіць у адносінах да Палесся. Прыкрываючыся беларускасцю, яна ўпарта русіфікуе палескае насельніцтва. Так званыя беларускія школы ў вобласці толькі па назве беларускія, на самай справе яны маскоўскія з выкладаннем на маскоўскай мове, – пераклад з кнігі “На непевному грунті”.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя