„Жалезны воўк” стварае партрэты беларускіх дзеячаў



Неўзабаве мае паўстаць серыя партрэтаў вядомых беларускіх дзеячаў звязаных з Беласточчынай. Ідэя належыць Андрэю Мікалаеву, які з’яўляецца кіраўніком творчага аб’яднання „Жалезны воўк” (Наваполацк). Гэта серыя партрэтаў з’яўляецца працягам праекта „Беларускі Беласток” нашага рэдакцыйнага калегі Аляксея Трубкіна.

Язэп Варонка (аўтар Андрусь Мікалаеў)

На сённяшні дзень фактычна гатовы партрэт першага прэм’ера Беларускай Народнай Рэспублікі Язэпа Варонкі (на фота), кажа кіраўнік творчага аб’яднання Андрэй Мікалаеў:

– У нас ужо некалькі карцін гатова, бо мы адразу пачалі працаваць і зараз працуем у вельмі высокім тэмпе. Ужо заканчваем партрэты Забэйды-Суміцкага, Наталлі Арсенневай, ксяндза Гадлеўскага ды інш. Мы хацелі б зрабіць гэта да лета.

Улетку выстава партрэтаў мае адбыцца ў Беластоку. Ідэя вельмі зацікавіла ўдзельнікаў аб’яднання, яна новая і праца сапраўды „гарыць”. Што тычыцца партрэта Язэпа Варонкі, то ён абапіраецца на рэальныя выявы, аднак з творчым падыходам, кажа Андрэй Мікалаеў:

– Гэта гістарычная вуліца Купецкая, дзе калісьці было ТБШ. Я маляваў з фота, бо забудова не захавалася. Магчыма ён калісьці быў на гэтай вуліцы, дзе пазней дзейнічала Таварыства беларускай школы.

Партрэты выконваюцца ў так званым „постсармацкім стылі”, дадае кіраўнік аб’яднання.

Першы прэм’ер-міністр БНР Язэп Варонка нарадзіўся 4 красавіка 1891 года на Беласточчыне.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя