„Жанчыны ў паўстанні Кастуся Каліноўскага: маці, жонкі, каханыя”



У Вільні ў прасторы CreateCulture Space адбылася творчая сустрэча з пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым. Падчас яе вядомы творца распавёў пра ролю жанчын у самім паўстанні, пра стасункі паміж паўстанцамі і іх каханымі, а таксама згадаў вядомых беларускіх жанчын-патрыётак сучаснасці.

Імпрэза адбылася пры падтрымцы Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, ініцыятывы “Будзьма беларусамі” і беларускай інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат”.

Як кажа стваральнік беларускай інтэрнэт-бібліятэкі „Камунікат” Яраслаў Іванюк, які выдаў 10 кніг Уладзіміра Арлова, месца і тэма сустрэчы абраная зараз невыпадкова:

Спадар Уладзімір распавядаў у Вільні пра жанчын у паўстанні Кастуся Каліноўскага. Гэта вельмі важная тэма, яна не даследаваная яшчэ да канца. Жанчыны ў гісторыі Беларусі адыгрывалі вельмі важную ролю не толькі ў паўстанні Кастуся Каліноўскага, можна згадаць 2020 год, калі жанчыны таксама выходзілі на пратэсты, калі жанчыны былі лідарамі шэсцяў.

Паводле наведвальнікаў сустрэчы, ім падабаецца чытаць кнігі Уладзіміра Арлова ў першую чаргу таму, што ён гісторыю робіць мастацкай:

Канешне тэма цікавая. Аказваецца, што вельмі шмат жанчын было дзейных, актыўных, якія штосьці рабілі, былі лідаркамі, гэта цікава канешне. Стэрэатып такі, што ўсё мужчыны робяць, а тут высвятляецца, што са старажытных часоў жанчыны, жанчыны, жанчыны. Тое ж паўстанне яны самаахвярна падтрымлівалі. Апошнія падзеі таксама, тое што было ў 2020 годзе, таксама жанчыны ўзначалілі, калі ўсіх мужчын пасадзілі.

Творчая сустрэча з пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым у Вільні была заключнай, адзінаццатай, у рамках еўрапейскага турнэ з прэзентацыяй новых і перавыдадзеных кніг. Пасля летняга адпачынку ў задумах творцы напісаць кнігу ў жанры эсэ.

Беларускае Радыё Рацыя