„Жнівень” на Лепельшчыне
Майстар-класы па вырабе з саломкі, рэчаў з дрэва і сярэднявечных танцах можна было пабачыць на фэсце „Жнівень” на Лепельшчыне. Ён адбыўся на аграсядзібе Васіля Шкіндзера ў мястэчку Вялікі Поўсвіж.
Сюды з’ехаліся аматары беларускасці з Лепеля, Менска і іншых гарадоў Беларусі, а таксама госці з Расеі і Нямеччыны. А аб’яднала ўсіх цікавасць да беларускіх традыцый і шчырая, утульная атмасфера свята.
Кажуць наведвальнікі:
– Фэст наведалі першы раз. Уражанні самыя прыемныя. Хатняя атмасфера. Я ўжо не малады, бабулі і дзядулі няма, засталася толькі мама. А раней, калі ўсе збіраліся, якраз штосьці падобнае і было.
– Мы – з Лепеля. На фэсце другі раз. Цікава тут, спадабалася. Добра, што ёсць такая магчымасць правесці свой вольны час тут, а не проста седзячы дома. Ад’язджалі, але зноў прыехалі.
– На сене ляжалі, гарбату пілі.
– Я – з Піцера, а брат – з Растова-на-Доне. Кожны год прыязджаем у Лепель. Вельмі падабаецца гэты фестываль. Вясёлае месца. Цікава паслухаць беларускую мову, паглядзець на гэтыя хаты, як раней жылі людзі. У Піцеры гэтага не пабачыш.
На свяце выступілі гурт „Варган” з Полацка, „Паўночная Сухадроўка” з Віцебска, а таксама музыкі і спевакі з Лепельшчыны. Наведвальнікі фэсту яшчэ змаглі набыць рамесныя вырабы і паспрабаваць хатняй ежы, прыгатаванай на агні.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара