Жорны з надмагілля
На мяжы Аршанскага і Талачынскага раёну знойдзеныя жорны з надпісамі на іўрыце.
Надпісы на жорнах пераклаў і пракаментаваў Уладзімір Паін – былы выкладчык Аршанскай школы мастацваў, аўтар помніку Янку Купалу ў Ашдодзе: „У каляровым коле жорнаў намаляваныя два стылізаваных ільвы і над шчытом з літарамі „פנ” – карона. Ільвы і карона – сімвалы царскага дома Давіда. „פנ – Па ніквар / тут пахаваны”, а далей імя: Исраель. Выснова: гэта былое надмагілле (мацева), а з яго зробленыя жорны. Каб даведацца, якога часу надмагілле неабходная або прафесійная экспертыза, або мець адсутныя часткі надмагілля. На іх пісаліся дакладныя даты жыцця чалавека. Пісаліся літарамі, лічбаў у іўрыце няма. Надпісы на надмагіллях рабіліся на іўрыце, мове зносін з Богам, а не на ідыш. Калі пагаварыць са старымі людзьмі з гэтых мясцінаў і высветліць, дзе былі ці яшчэ захаваліся габрэйскія могілкі, то можна будзе адшукаць нешта падобнае. І там будзе дата. Надмагільныя пліты з закінутых габрэйскіх могілак часцяком расцягваліся мясцовымі жыхарамі для гаспадарчых патрэбаў. І, можа быць, у якім-небудзь двары яны яшчэ захаваліся”.
Цяпер жорны знаходзяцца ў прыватным музеі ў вёсцы Стаўры Аршанскага раёну.
Беларускае Радыё Рацыя