Журналіст Кулевіч збірае ўспаміны гарадзенцаў
Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч збірае ўспаміны гарадзенцаў, што жылі ў горадзе над Нёманам да ІІ Сусветнай вайны. Успаміны выйдуць у новай кнізе журналіста, і для гэтага Руслан Кулевіч едзе ў польскае Памор’е.
Кажа Руслан Кулевіч:
– Мяне запрасілі ў Памор’е ў Гданьск, Эльбланг, Слупск гарадзенцы, якія з’ехалі пасля вайны, але падтрымліваюць сувязі з Гародняй. Выйшлі на мяне і хочуць распавесці гісторыю сваёй сям’і. Я збіраю ўспаміны на другую кнігу, і яна выйдзе ў канцы года. Калі ёсць гарадзенцы, якія хочуць яшчэ мне нешта распавесці, якія нарадзіліся да вайны ці пасля вайны, і маюць цікавую гісторыю, я іх гатовы выслухаць.
На думку Руслана Кулевіча, вельмі цікавымі могуць быць таксама ўспаміны сталых людзей, што калісьці жылі ў Гародні, а цяпер жывушь на Падляшшы:
– Можа ёсць гарадзенцы ў Саколцы ці Беластоку, я гатовы ў любы час да іх прыехаць і запісаць успаміны. Бо кніга будзе хутка, і як мага больш хочацца запісаць людзей.
Першая кніга Руслана Кулевіча “Горад адзін, успаміны розныя” выйшла ў студзені 2019 году, і цяпер журналіст збірае ўспаміны на новую кнігу і спадзяецца, што ў яе таксама ўвойдзе шмат успамінаў сталых гарадзенцаў, што жывуць за мяжою.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня