Журы абвясціла шорт-ліст прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча
Сёлета лаўрэаты прэміі будуць названыя толькі ў двух намінацыях – прозе і паэзіі. Прычыну, чаму сёлета не будзе адзначаная праца маладых перакладчыкаў, тлумачыць сябра журы Уладзімір Арлоў:
– Журы вырашыла не ўручаць прэміі ў намінацыі “Пераклад”. Гэта не значыць, што не выходзілі пераклады, зробленыя маладымі перакладчыкамі. Сітуацыя склалася так, што аўтары перакладзеных кніжак альбо ўжо адзначаліся прэміяй “Дэбют”, альбо гэта ўжо не першая іхная кніжка, альбо ўжо пераадолелі гэты ўзрост – 35 гадоў.
У шорт-ліст трапілі першыя кнігі празаікаў Віталя Воранава, Аляксея Палачанскага, Ромы Свечнікава і паэтаў Таццяны Нядбай, Антона Рудака і Юліі Цімафеевай.
Абвяшчэнне лаўрэатаў і ўручэнне прэміі “Дэбют” адбудзецца 24 сакавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя