Абвешчаны спіс кніг на ўдзел у Прэміі імя Стагановічаў



Саюз беларускіх пісьменнікаў абвесціў спіс кніг, якія будуць удзельнічаць у Прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў. Сёлета гэтая прэмія будзе прысуджацца ўпершыню, яна даецца за лепшую беларускую кнігу, напісаную ў жанры непрыдуманай літаратуры.

Паміж сябрамі журы адбылася дыскусія, якія менавіта кнігі павінны вылучацца на гэтую прэмію.

Гаворыць старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч:

– Хацелася, каб у нас гэта лічылася перадусім літаратурай. Самае важнае тут слова “літаратура”. Каб гэта было бліжэй да публіцыстыкі, эсэістыкі, гістарычнай літаратуры. Тое, што знаходзіцца пасярод. Гэта не мастацкая літаратура ў чыстым выглядзе і не навуковая ў чыстым выглядзе.

На прэмію вылучана 50 кніг. Напрыканцы лютага – напачатку сакавіка 2015 года будзе вызначаны і абвешчаны “доўгі спіс” прэміі з 15 пазіцый. „Кароткі спіс” стане вядомы ў канцы сакавіка, ён будзе складацца з 7 пазіцый. Імёны трох пераможцаў будуць абвешчаны ў сярэдзіне красавіка 2015 года.

* * *

У Беларусі заснавана новая літаратурная прэмія імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў. Мэта прэміі – падтрымка і развіццё непрыдуманай літаратуры, яе аўтараў і выдавецкага працэсу. Створана журы прэміі, у склад якога, сярод іншых, уваходзіць старшыня секцыі непрыдуманай літаратуры ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў Наталля Гардзіенка:

– Кніжка павінна выйсці ў перыяд з 2011 – канец 2014 года на беларускай мове. Яна павінна быць напісана ў галіне непрыдуманай літаратуры, а канкрэтна, або ў жанры дакументальнай прозы, або гэта мусіць быць мемуары, дзённікі, успаміны, эпісталярыі ці біяграфічная кніга, або трыялог.

Правам намінацыі на прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў валодаюць як аўтары так і выдаўцы. Пры вылучэнні кнігі на прэмію трэба да 19 студзеня 2015 года перадаць у аргкамітэт (у офіс Саюза беларускіх пісьменнікаў) папяровы ці электронны варыянт выдання. Імёны пераможцаў будуць абвешчаны ў красавіку 2015 года.

Strahanovichy prize_712

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя