Жыхар Віцебску збірае грошы на вандроўку па малых радзімах беларускіх пісьменнікаў



Яўген Крыскевіч назваў свой праект “Мы жывём, каб вяртацца” і абвясціў збор сродкаў на краўдфандынгавай платформе molamola.by. Хлопец збірае сродкі на паліва і арэнду аўтамабіля, а таксама на начоўкі ў самых танных гатэлях беларускіх райцэнтраў.

Паводле ягоных падлікаў, неабходна сабраць прыкладна 2 650 рублёў.

Ахвярадаўцам ён абяцае трансляваць звесткі са свайго падарожжа праз свой twitter-акаўнт«Пісьменнік.BY», на якім 1370 падпісчыкаў:

– Кантэнт будзе інтэрактыўны: можа, гульні, віктарыны ці нейкія конкурсы. Я паказаў бы хату, дзе нарадзіўся беларускі пісьменнік, дзе хадзіў у школу. Але я не проста паеду ды буду фатаграфаваць! Я магу паехаць у вёску, прыйсці да бабулі 90-гадовай ды яе распытаць, ці жыў тут беларускі пісьменнік і як. Можна назбіраць унікальных звестак, якіх мы больш ні ад каго не пачуем. Нават калі вёска ўжо пустая, нават калі яна загінула – душа пісьменніка лунае над гэтай вёскай, так заўсёды было, ёсць і будзе.

Хлопец перакананы: ёсць 20-30 прозвішчаў класікаў беларускай літаратуры, якіх ведаюць усе, і нават могуць прыгадаць штосьці з біяграфічных звестак. Аднак у большасці выпадкаў людзі памятаюць толькі назвы твораў, якія чыталі ў школе. У гэтым  Яўген Крыскевіч пераканаўся на ўласным прыкладзе.

– Чаму праект нарадзіўся? Летась на Радаўніцу мы паехалі на радзіму да жонкі, у Лепельскі раён. Пайшлі на могілкі, бачым – людзі стаяць, нешта прыбіраюць. Цешча пытаецца: “А ці ведаеш, хто гэта?” Кажу: “Не!” А гэта быў Анатоль Вярцінскі. Я ж у школе ягоныя вершы чытаў! І так мне сорамна зрабілася, што гэта сам Анатоль Вярцінскі, што сваякі ягоныя тут пахаваны, а я й не ведаў!”

Паводле Яўгена Крыскевіча, twitter – гэта аптымальная платформа для ўвасаблення ягонай ідэі. Бо людзі не любяць чытаць доўгія тэксты, а фармат у 140 знакаў дазваляе каротка выкласці свае назіранні. Аўтар кажа, што гатовы пісаць па 30 твітаў у дзень, калі ўдасцца сабраць неабходную суму. Зрэшты, у вандроўку ён збіраецца ў любым выпадку: калі ахвярадаўцаў не знойдзецца, гэта будзе падарожжа за ўласны кошт па найбліжэйшых ад Віцебску мясцінах.

Ганна Ліпка для Беларускага Радыё Рацыя