Жыхары і госці Берасця змогуць паглядзець на арыгінал Берасцейскай Бібліі
Пра гэта паведаміў старшыня мясцовага гарвыканкама Аляксандр Рагачук у сваім Telegram-канале. Ён дадаў што асобнік помніка кнігадрукавання XVI стагоддзя будзе выстаўлены ў музеі гісторыі Берасця ад 18 мая.
Да нядаўняга часу ў горадзе не захоўвалася ніводнага арыгінальнага экзэмпляра выдадзенай тут Бібліі, пакуль у 2019 годзе Аляксандр Лукашэнка не перадаў яго пад час урачыстацяў з нагоды святкавання 1000-годдзя Берасця:
– Нашы продкі лічылі, што горад, у якім выдавалася Біблія, знаходзіцца пад асаблівай абаронай нябёсаў. Яго ніколі не зможа сцерці ні час, ні людзі. І падносячы вам гэты дар, я памятаю, што гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы вашым прадпрымальнікам, якія за свае грошы набылі і прывезлі на радзіму гэты вялікі падарунак. Няхай Берасце і далей квітнее і развіваецца, захапляе гасцей і берасцейцаў.
Берасцейская Біблія — помнік беларускага кнігадрукавання 4 верасня 1563 года на тагачаснай польскай мове. Назва паходзіць ад месца выдання; вядомая таксама як Радзівілаўская Біблія, паводле фундатара, і Піньчаўская Біблія — паводле месца выканання перакладу.
Беларускае Радыё Рацыя