Жыхары краін Азіі з беларускімі словамі ў сумесным флэш-мобе
Да Міжнароднага дня роднай мовы жыхары краін Азіі расказалі аб сваім любімым слове на беларускай мове ў спецыяльным відэароліку. Яго размясціў у сваім твітар-акаўнце Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы Кірыл Руды.
У незвычайным сумесным флэш-мобе жыхары В’етнама, Індыі, Інданезіі, Японіі, Рэспублікі Карэя і Кітая трымаюць плакаты, на якіх напісана любімае беларускае слова і яго пераклад на іх родную мову.
Дзякуючы цудоўнай лексічнай падборцы відэарад напоўнены пазітывам: прывiтанне, мова, цуд, дзякуй, тата, каханне, вёска, вясёлка, гасцiнец, падзяка, блакiт, гасцiннасць, сябар, чароўнасць, павага, зубр, прамень, летуценне, натхненне, абдыманкi і інш. Вобраз Беларусі, які складваецца з такога слоўніка, выглядае вельмі прывабным.