Жыхары Лідчыны супраць зносу трыумфальнай аркі Радзівілаў XVIII ст.



«Калі знясуць арку, я страчу сэнс жыцця. Гэта наша спадчына. Руйнаваць яе — варварства, — з такім крыкам душы звярнуўся ў рэдакцыю „ПВВіталь, жыхар Вялікага Сяла, што ў Лідскім раёне. — Нашу браму хочуць прыбраць, а на яе месцы пракласці дарогу».

Арка знаходзіцца на мяжы паміж вёскамі Вялікае Сяло і Жырмуны Лідскага раёна. Дарога ў дрэнным стане, яе моцна разбілі, калі вывозілі гной, а цяпер хочуць пракласці новую. На месцы аркі…

У XVIII ст. Радзівілы гэта месца збіраліся зрабіць сваёй рэзідэнцыяй і пабудаваць тут палацавы комплекс. І першым, што яны ўзвялі, была трыумфальная арка. Яна атрымалася вельмі прыгожай, мела нават другі паверх, але ў савецкія часы яго разабралі.

З двух бакоў ад аркі Радзівілы пабудавалі флігелі – левы і правы. У іх размяшчаліся кухні, пякарні, бібліятэка, аранжарэя, капліца. Ад правага флігеля практычна нічога не засталося, а вось левы захаваўся нашмат лепш.

Цалкам архітэктурны комплекс Радзівілы так і не ўзвялі. Чаму? Загадка. Так і засталіся тут толькі арка і два флігелі.

Апошнія ўладальнікі выехалі адсюль праз трыумфальную арку ў 1939 годзе — калі прыйшлі бальшавікі. Але звычайныя людзі ў флігелі сяліліся і пасля вайны, таксама тут была школа.

Старшыня Крупаўскага сельсавета Руслан Мельнік пракаментаваў сітуацыю так:

– Мы не супраць здабытку і гісторыі. Але сітуацыя такая: месяца паўтара таму павалілася частка аркі. Зараз гэта збудаванне ўяўляе пагрозу для жыцця людзей. Такога ж меркавання і камісія па НС, якая аглядала арку. Ёсць таксама цяжкасці праезду ў гэтым месцы. Цэгла перыядычна падае на праезную частку. Да гэтага транспарт праходзіў пад аркай.

«Хай тады лепш яе абгародзяць, і руйнуецца яна паволі самастойна, ад часу. А дарогу можна і побач пракласці. Паглядзіце — месца хапае!», — парыруе Віталь.

У найбліжэйшы час у Лідскім райвыканкаме вырашаць, якім будзе далейшы лёс руін сядзібы Радзівілаў.

Трэба адзначыць, што гэты комплекс так і не быў унесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Яго не рамантавалі і раней — у савецкія часы.

Фота 0154.by