Жыхары Пінска незадаволеныя новабудоўляй у гістарычным цэнтры
Жыхары Пінска незадаволеныя новабудоўляй у гістарычным цэнтры. Неабыякавыя пінчукі складаюць петыцыю супраць пераўтварэння старажытнага горада ў новабуд. Апошняй кропляй стала ўзвядзенне ў гістарычнай зоне гандлёва-адміністрацыйнага аб’екта, які першапачаткова мусіў нагадваць архітэктуру канца ХІХ стагоддзя, але ад гэтых планаў адмовіліся.
Краязнаўца Эдвард Злобін адзначае, што пінчукі не шкадуюць выказванняў пра новабудоўлю:
– Як ужо не называюць той новабуд, які будуецца, і “брама пекла”, жыхары проста ў шоку ад таго, што адбываецца ў горадзе. То бок гэта кажа пра тое, што ў нас няма, на жаль, можна канстатаваць, што ў нас няма, мякка кажучы, гарадскіх архітэктараў. У нас няма спецыяліста, які павінен адказваць за гэты від прац. То бок спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, канешне, павінен такім рэчам перашкодзіць.
Суразмоўца дадае, што за апошнія пяць гадоў Пінск згубіў як найменей сем важных гістарычных аб’ектаў, і гэта пры тым, што мясцовыя чыноўнікі нібы заяўляюць пра намер зрабіць з горада над Пінай турыстычны цэнтр беларускага Палесся.
Беларускае Радыё Рацыя