„Жырандоля” № 9 у аранжавым колеры
У Берасці прэзентавалі дзявяты выпуск штогадовага альманаху „Жырандоля” абласнога аддзялення „Саюза беларускіх пісьменнікаў”. Мерапрыемства праходзіла ў канферэнц-залі Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Пушкіна.
Падрабязней пра цікавосткі сёлетняга выдання распавядае мадэратар прэзентацыі, мастак і літаратар Леанід Валасюк:
– Трагедыя ў шасці дзеях Анатоля Дэбіша займае сто старонак – трэцюю частку. Можна сказаць, што гэта практыка публікацый аб’ёмнага твору. Паспрабавалі, але рэакцыя неадназначная, у сэнсе, што такі аб’ём для аднаго чалавека. 95-годдзе Уладзіміра Калесніка, які ствараў Берасцейскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў, там шмат матэрыялаў. Узгадалі Генадзя Праневіча, пра яго напісалі, вершы далі. Гэта галоўная адметнасць “Жырандолі”. Як звычайна, вершы, проза, крытыка, пра юбеляраў матэрыялаў шмат.
У гэтым годзе ў шэрагі СБП прынялі новага сябра – Петэра Бараша, перакладчыка з вугорскай на беларускую, якога прадставілі прысутным. Сёлетняе выданне не абышлося без твораў маладых аўтараў, сярод іх была настаўніца і пачынаючая паэтэса Вікторыя Галоўчык:
– Гэта вельмі добры шанец навязаць новыя знаёмствы, паказаць сябе, выслухаць крытыку ад адмыслоўцаў.
Берасцейскі паэт Сяргей Амяльчук:
– Усе заўвагі, якія тут выказвалі выступоўцы, я занатаваў і паспрабую ўлічыць. Мы кожны год улічваем нейкія нашыя хібы.
Альманах „Жырандоля” выдаецца высілкамі Берасцейскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання „Саюза беларускіх пісьменнікаў”, пры падтрымцы кіраўнічага органу з Менску. Сёлетняе выданне друкавалася ў абноўленым дызайне – з вокладкай аранжавага колеру.
[Not a valid template]
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце